Штурм Захаду: адцягваючыя манеўры

Як кажуць, адзін раз — памылка, два — выпадковасць, тры — тэндэнцыя. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей трэці раз за месяц ухіліўся ад сустрэчы з заходнімі партнёрамі. Гэта значыць, ніякага празаходняга кірунку ў беларускіх уладаў няма.



areli_3.gif

Першы раз Макей не паляцеў у Нью-Ёрк. Ён павінен быў там быць 13–14 мая на пасяджэнні высокага ўзроўню Генасамблеі ААН па агляду выканання Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. 13 мая павінна была адбыцца ягоная сустрэча з Генсекам ААН Пан Гі Мунам. Аднак, паводле афіцыйнай версіі, больш важным для Макея было знаходзіцца ў Арменіі побач з прэзідэнтам Беларусі. Гэты візіт у Арменію, дзе Лукашэнка адкрыў казіно ды наведаў царкву, дагэтуль застаецца самым няўцямным візітам прэзідэнта наконт ягоных мэтаў і задач. Няўжо беларускі МЗС аддаў няўцямнаму візіту больш вагі, чым Пан Гі Муну?

 

Потым МЗС РБ заявіла, што Макей не паедзе ў Кракаў для ўдзелу ў сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства», якая праходзіла 17–18 мая. Між тым, прадстаўнік Пасольства Польшчы ў РБ паведаміў СМІ, што ў Кракаве чакалі менавіта Макея. «Пасля кансультацый з нашымі партнёрамі было прынята рашэнне аб запрашэнні беларускага боку. Запрашэнне перададзена на рукі спадару Макею, што прадугледжвае яго асабісты ўдзел у сустрэчы», — адзначыла крыніца «Інтэрфакса» ў пасольстве Польшчы.

 

І зараз — новы «пракідон» еўрапейцаў. 28 мая ў Брусэлі прайшло пасяджэнне рабочай групы па справах Беларусі ў межах Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» «Еўранэст» з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў якасці назіральнікаў. Запрашэнне на пасяджэнне рабочай групы было накіравана і Макею, але ён адмовіўся ехаць у Брусэль, паведаміў кіраўнік рабочай групы Яцэк Сарыюш-Вольскі. «Саму адмову міністра замежных спраў наведаць пасяджэнне рабочай групы, якое прысвечана Беларусі, тое, што ён не можа прыехаць і сесці за тым жа сталом, за якім сядзяць прадстаўнікі апазіцыі ці грамадзянскай супольнасці Беларусі, азначае, што ЕС і беларускім уладам размаўляць няма пра што», — адзначыў Сарыюш-Вольскі.

 

Што ж за хвароба спасцігла Макея? У першым квартале года ён, здаецца, у ляпёшку разбіваўся, каб правесці перамовы з пасламі еўрапейскіх краін, каб нармалізаваць адносіны з Захадам. А зараз ігнаруе свае ж дасягненні! Ну, сапраўды, на «Еўранэст» з удзелам толькі апазіцыі, а не афіцыйных парламентароў, можа, і не варта было б ехаць. Але ж не тры сустрэчы запар пракідваць!

 

Некаторыя СМІ выказалі меркаванне, што Макей паплаціўся за сваю «еўрапейскасць», выйшаў з даверу прэзідэнта і стаў «невыязным» з краіны. Але такое меркаванне, па словах палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, увагі не вартае. Па-першае, Макей не першы раз адмаўляецца ехаць на такія міжнародныя сустрэчы. Прыкладам, ён не паехаў на прэзентацыю старшынства Украіны ў АБСЕ, якая праходзіла ў Дубліне ў канцы мінулага года. Між тым, і туды Макей быў запрошаны асабіста, а замест яго паехаў намеснік — Аляксандр Міхневіч.

 

Па-другое, Макей — не такая самастойная фігура, каб за нешта паплаціцца. «Адмова ад сустрэчы з Пан Гі Мунам матывуецца тым, што Макей патрэбен прэзідэнту ў Ерэване. Гэта смеху вартае, але гэта ў чарговы раз паказвае, што ўсё ў Беларусі, у тым ліку і ў міжнародных адносінах, вырашае Лукашэнка. І не трэба ў гэтай сітуацыі называць Макея нейкай самастойнай фігурай, — гэта далёка не так», — лічыць Якаўлеўскі.

 

Паводле меркавання аглядальніка, справа ў тым, што афіцыйны Мінск насамрэч ніколі і ніякім чынам не імкнуўся наладзіць з Захадам нейкі «дыялог», лібералізавацца і аніякім чынам у бок Захаду рухацца не збіраецца.

 

Пра гэта, кажа Якаўлеўскі, сведчыць і інтэрв’ю Макея, якое ён даў «РИА Новости» напярэдадні 2 красавіка, Дня яднання Беларусі і Расіі. «Пасля гэтага інтэрв’ю ўсе высновы мясцовых палітолагаў, аналітыкаў і іншых мазгаведаў пра нейкую гатоўнасць Мінска наладзіць адносіны з Захадам можна выкінуць на сметнік. Тую размову я інакш як аплявухай ЕС і ЗША назваць не магу. Там усё раскладзена па паліцах, і ясна заяўлена аб нязменнасці пазіцыі афіцыйнага Мінска ў кантактах з Еўрасаюзам. Там ясна пазначана, што нармалізацыя адносінаў з Захадам магчымая толькі на ўмовах Мінска, а любыя кампрамісныя пазіцыі разглядаюцца як слабасць іншага боку», — зазначае Якаўлеўскі.

 

Нашто ж Мінску бачнасць дыялогу з Захадам? Здаецца, гэта проста звыклыя геапалітычныя арэлі беларускай улады, і «нармалізацыя адносінаў з захадам» скіраваная, перш за ўсё, у бок Расіі. Зараз менавіта ўсходні напрамак павінен з’яўляцца для Беларусі прыярытэтам, менавіта на ім больш праблемных пытанняў і нявызначанасці. Таму афіцыйны Мінск і гуляе ў «нармалізацыю» на заходнім кірунку — каб, у выпадку чаго, у чарговы раз застрашыць Расію паваротам да Еўропы. І з таго ж меркавання Лукашэнка падвесіў пытанне расійскай авіябазы ў Беларусі. Магчыма, з таго ж імкнення — пакінуць пытанне базы падвешаным, Лукашэнка не паехаў на саміт АДКБ 28 мая ў Бішкеку. Там якраз было месца абмеркаваць вайсковае пытанне, але Лукашэнка пакінуў яго нявызначаным. Магчыма, як козыр на сустрэчы з Пуціным у межах пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

 

Пытанне толькі, наколькі такую пазіцыю «прасякае» Расія. Здаецца, пра такія арэлі яна даўно ведае, і імі мы ёй ужо надакучылі.