Забойства супрацоўніцы цэнтра для бежанцаў узрушыла Швецыю
У цэнтры пад Гётэборгам утрымліваюцца мігранты ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якія прыбылі ў Швецыю самастойна, без бацькоў або іншых блізкіх сваякоў.
Цэнтр для маладых бежанцаў пад Гётэборгам Фота AFP
Шведская паліцыя арыштавала 15-гадовага мігранта, які падазраецца ў жорсткім забойстве 22-гадовай супрацоўніцы цэнтра для ўтрымання бежанцаў каля Гётэборга, паведамляе ВВС.
Дзяўчына працавала ў цэнтры для падлеткаў, якія звярнуліся за прадастаўленнем прытулку ў Швецыі. Яна памерла ў бальніцы ад нажавых раненняў, яе імя не называецца.
Прэм'ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен, які прыбыў на месца забойства, назваў тое, што адбылося, жахлівым злачынствам і заявіў, што многія шведы асцерагаюцца паўтарэння падобных нападаў з боку юных бежанцаў.
Шведскае агенцтва па справах міграцыі паведаміла, што за апошні час колькасць пагроз і выпадкаў гвалту ў цэнтрах для бежанцаў падвоілася.
У мінулым годзе ў Швецыю прыбыла рэкордная колькасць мігрантаў — больш за 150 тысяч. Сярод краін Еўрасаюза Швецыя апынулася на другім месцы па прывабнасці для бежанцаў — пасля Германіі.
Нядаўна шведскія ўлады паведамілі пра больш жорсткі памежны кантроль, каб стрымаць прыток мігрантаў.
Як паведамляюць шведскія СМІ, кіраўнік шведскай паліцыі папрасіў дадаткова прыцягнуць больш за 4 тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў для барацьбы з тэрарызмам, для дэпартацыі мігрантаў і кантролю за цэнтрамі ўтрымання бежанцаў.