За каго б галасаваў Шэрлак Холмс?

Пасля выхаду на экраны трэцяга сезону тэлесерыяла «Шэрлак» брытанцы пачалі спрачацца наконт палітычных забабонаў славутага дэтэктыва з Бейкер-Стрыт. 



358298_serial_sherlok_xolms_benedikt_kamberbyetch_dzhon_5000x3100_www_gdefon_ru_.jpg

Трэці сезон брытанскага серыяла «Шэрлак», які выйшаў у студзені, стаў адной з самых заўважных культурных падзеяў апошняга часу. На інтэрнэт-форумах толькі і абмяркоўваюць яго плюсы і мінусы. Як правіла, у фокусе дыскусіі гульня галоўных актораў Бенедзікта Камбербэтча і Марціна Фрымэна, а таксама саўндтрэк, сюжэтныя павароты, які прыдумалі аўтары сцэнару Стывен Мофат і Марк Гэтыс.

А вось на радзіме Холмса актыўна абмяркоўваецца палітычны бэкграўнд папулярнага серыяла, і ўвогуле ўсёй сагі пра славутага сышчыка. Пытанне ставіцца самым незвычайным чынам: калі б Холмс жыў зараз, за якую партыю ён галасаваў на выбарах?

Пралогам для такіх незвычайных дэбатаў стала серыя крытычных рэцэнзій на фільм на старонках прэсы. Правыя СМІ ўшчэнт раскрытыкавалі апошні эпізод «Шэрлака» за прысутную на экране агітацыю за партыю лейбарыстаў.

Сапраўды, некаторыя сцэны сведчаць пра тое, што аўтары карціны — людзі левых поглядаў. Па-першае, у ролі галоўнага праціўніка Шэрлака выступае тыповы буржуа, медыя-магнат Чарльз Магнусэн. Той, хто больш-менш цікавіцца англійскай палітыкай, адразу пабачыць у персанажы праекцыю на вядомага газетнага барона Руперта Мэрдака, чый сын кантралюе газеты «The Times», «Sunday Times» і «The Sun». Пры гэтым Шэрлак дае свайму праціўніку катэгарычную характарыстыку: «Я меў справу з забойцамі, псіхапатамі, тэрарыстамі, серыйнымі маньякамі. Аднак больш за ўсіх мой страўнік не пераварвае Магнусэна».

Дасталася ад Шэрлака і кансерватыўнаму мэру Лондана Барысу Джонсану. Так, падчас фільму нехта ўслых чытае артыкул з газеты пра ініцыятыву мэра зрабіць на месцы Тэмзы аўтамагістраль, а адзін з востраваў аддаць пад новы аэрапорт. Дарэчы, Джонсан даволі аператыўна адрэагаваў на ўкол. Ён напісаў адкрыты ліст, у якім агучыў план свайго папярэдніка лейбарыста Кена Лівінгстона. Аказваецца, не кансерватары, а якраз лейбарысты планавалі ператварыць адзін з востраваў на Тэмзе ў новы аэрапорт.

Калі падсумаваць выпады супраць правых па ходу серыяла, блізкае па партыі торы выданне «Daily Mail» вынесла вердыкт: «Шэрлак — прадузяты левы прадукт».

На першы погляд, скандал цалкам штучны. Па-першае, фільм зроблены на ВВС — грамадскай кампаніі, якая лічыцца аплотам левай журналістыкі і кінамастацтва. Па-другое, стваральнікі серыялу ніколі не хавалі антыпатый да торы. У 2010 годзе, падчас парламенцкіх выбараў, Стывен Мофат у адным з інтэрв’ю выказаў надзею на тое, што торы прайграюць. Яшчэ ў выпусках першага сезону Шэрлак быў выяўлены за чытаннем «The Guardian» — любімай газеты брытанскай левай аўдыторыі. Таму дастаткова слушны прыдуманы мясцовымі сатырыкамі прыкол: правыя накінуліся на Шэрлака, паколькі ён у новых эпізодах ганяецца за тэрарыстамі, замест таго, каб лавіць румынскіх і балгарскіх імігрантаў (тэма інтэрвенцыі на брытанскі працоўны рынак балканскіх гастарбайтэраў — адна з любімых фішак прапаганды кансерватараў).

Аднак атакуючы стваральнікаў «Шэрлака» правыя выданні нечакана надалі дыскусіі больш незвычайную ноту. Газеты пішуць, што цяперашні левы вобраз Шэрлака абсалютна штучны, паколькі на старонках апавяданняў Конан-Дойла ён выглядае як перакананы кансерватар.

Сапраўды, герой Конан-Дойла вядзе геданістычны лад жыцця, які яўна не нагадвае будні пралетарыя. Ён то ходзіць у оперу, то займаецца боксам, то нюхае какаін. Шэрлак Холмс як патрыёт дапамагае Скотленд-Ярду ў барацьбе з замежнымі разведкамі (апавяданне «Другая пляма»). Яго герой заўсёды гатовы служыць арыстакратыі («Сабака Баскервіляў»). Увогуле, ён вельмі ганарыцца тым, што мае справу з каранаванымі асобамі («Скандал у Багеміі»). У прынцыпе, погляды Холмса ў чымсьці перадаюць думкі яго стваральніка. Так, шматлікія літаратуразнаўцы лічаць, што вобраз адмоўнага ва ўсіх праявах прафесара Марыярці Конан-Дойл змаляваў з нейкага рускага анархіста. На той час шмат аматараў Бакуніна шукалі палітычны прытулак на Альбіёне, што выклікала паніку ў мясцовых абывацеляў. Як бачым, да такіх належаў і аўтар Холмса.

Гэта адзначаў і Карней Чукоўскі ў сваёй рэцэнзіі да апавяданняў Конан-Дойла «Ён быў тыповы буржуазны пісьменнік, які ні разу не асмеліўся паўстаць супраць «старога свету», з якім заўсёды заставаўся ў ладзе. Нідзе ў яго кнігах не відаць ні цені пратэсту. Яго Шэрлак Холмс бясстрашна і ўпарта змагаецца з дзясяткамі магчымых зладзеяў, але ні разу не здагадаецца спытаць сябе: чаму ж хвалёнае англійскае жыццё спараджае так шмат крымінальных злачынцаў?» — пісаў Чукоўскі.

Сама ідэя таго, што Холмс, калі б ён жыў зараз, павінен быў прагаласаваць за кансерватараў, узарвала брытанскія левыя форумы. Прыводзіцца безліч доказаў на карысць таго, што Холмс — лейбарыст. Па-першае, чалавек, які ўжывае наркотыкі і цураецца жанчын, яўна не падобны на аматара сямейнай маралі, з якой носяцца правыя. Па-другое, Шэрлак здымае кватэру, а значыць, ён падпадае пад нядаўна прыняты з ініцыятывы торы новы падатак на жыльцоў дамоў — т.зв. bedroom tax. Хіба пасля гэтага нехта будзе галасаваць за партыю Дэвіда Кэмерана? Нарэшце, у адным з апавяданняў Холмс кажа Ватсану пра тое, што рабочая моладзь — гэта будучыня Англіі.

Аднак самы незвычайны рэзон для Холмса галасаваць за левых, на думку некаторых журналістаў, заключаецца ў тым, што лейбарысты нічым не адрозніваюцца ад кансерватараў. «Памылка «Daily Mail» — у тым, што выбар на карысць лейбарыстаў больш не значыць выклік істэблішменту, паколькі лейбарысты самі частка гэтага істэблішменту. Ніхто не збіраецца больш пераразмяркоўваць багацце». Таму, калі б Конан-Дойл жыў сёння, ён бы мог спакойна аддаць голас за лейбарыстаў», — піша «The Guardian».

Развіваючы гэтую ідэю, некаторыя сцвярджаюць, што Холмс увогуле не пайшоў бы на выбары. «Холмс — чалавек, чый інтэлект шукае шарады, а якая інтрыга можа быць на выбарах, якія не мяняюць сістэму», — піша адзін з блогераў.

Вось такая забаўная дыскусія. Напрыканцы хочацца згадаць яшчэ адну версію, якую прапанавалі ірландскія блогеры. Паколькі частка «Дойл» у прозвішчы аўтара Холмса сведчыць пра яго ірландскае паходжанне, то сам сэр Артур Конан-Дойл і яго герой Шэрлак так ці інакш былі прыхільнікамі незалежнасці Ірландыі. Адпаведна, выбары ў брытанскі парламент дэтэктыў як ірландскі нацыяналіст прынцыпова праігнараваў бы.