«Вучыч, сыходзь». У Сербіі не спыняюцца пратэсты, удзельнікі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта
Учора вечарам у Бялградзе прайшла самая масавая акцыя пратэсту. Нагодай сталі два выпадкі расстрэлаў людзей з агнястрэльнай зброі, у сувязі з чым сербы абурыліся, што ўлады не могуць забяспечыць бяспеку грамадзян. Але таксама падчас учорашняй акціі гучалі патрабаванні адстаўкі прэзідэнта краіны Вучыча.
Пятая антыўрадавая акцыя пратэсту «Сербія супраць гвалту», якая адбылася ў суботу ўвечары ў Бялградзе, стала самай масавай з тых часоў, як тысячы людзей пачалі выходзіць на вуліцы пасля двух масавых расстрэлаў у пачатку траўня. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на N1.
Апошні антыўрадавы пратэст адбыўся роўна праз месяц пасля
таго, як 13-гадовы вучань прэстыжнай школы Бялграда прынёс ва ўстанову
стрэльбу, якой забіў восем і школьнага ахоўніка.
Учорашні марш узначалілі студэнты ўніверсітэта, якія трымалі ў руках плакат з надпісам «Сербія супраць гвалту!».
Дзясяткі тысяч людзей, трымаючы ўключанымі ліхтарыкі мабільных тэлефонаў, прайшлі шэсцем да штаб-кватэры прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, дзе выпусцілі вялікі паветраны шар з надпісам «Вучыч, сыходзь», а таксама скандавалі лозунгі з заклікам да адстаўкі.
Сербскія праўрадавыя СМІ гэтым разам упершыню называлі акцыю «празаходняй». А інцыдэнт, падчас якога прадстаўнікі сербскай праварадыкальнай групы «Народны патруль» збілі амерыканскага журналіста, назвалі правакацыяй саміх жа пратэстоўцаў. Некаторыя з тых, хто нападаў, былі апранутыя ў футболкі з літарай Z, сімвалам расійскай агрэсіі супраць Украіны.
З надыходам цемры ўдзельнікі акцыі засвяцілі свае мабільныя тэлефоны, трымаючы іх над галавой падчас маршу па цэнтральнай вуліцы Бялграда міма будынка прэзідэнта, многія з іх свісталі ў свісткі і заклікалі Вучыча да адстаўкі.
На наступны тыдзень запланаваная чарговая акцыя пратэсту, якая становіцца ўсё больш сур'ёзным выклікам для Вучыча — магчыма, самым вялікім з тых, перад якімі ён паўставаў пасля прыходу да ўлады 11 гадоў таму.
Нагадаем, 3 траўня 13-гадовы вучань прэстыжнай бялградскай школы зладзіў у ёй стральбу, забіўшы з бацькавай зброі ахоўніка і восем вучняў. А ўжо праз дзень у ваколіцах Бялграда адбылася стральба з аўтамата — 21-гадовы малады чалавек забіў восем чалавек і параніў яшчэ 14.
У Сербіі ўспыхнулі масавыя антыўрадавыя пратэсты, якія працягваюцца чацвёрты тыдзень запар.
Сярод іх патрабаванняў — адстаўка вышэйшых службовых асоб, у прыватнасці прэзідэнта Аляксандра Вучыча, і адкліканне ліцэнзій у праўрадавых СМІ, якія транслююць матэрыялы з выявай гвалту, а таксама даюць у эфір выступленні крымінальных аўтарытэтаў і ваенных злачынцаў.
Сам Вучыч адышоў ад руля сваёй папулісцкай партыі на фоне планаў сфармаваць больш шырокі палітычны рух, адмовіўшыся задавальняць патрабаванні пратэстоўцаў.