Вайна Ізраіля з ХАМАС — гэта падарунак нябёсаў для Расіі
Захад даўно дамагаецца, каб краіны, якія развіваюцца, усталі на бок Украіны. Вайна на Блізкім Усходзе падрывае гэтыя намаганні.
Падтрымка краінамі Захаду ваенных дзеянняў Ізраіля, якія ён распачаў у адказ на напад тэрарыстаў ХАМАС, падрывае шматмесячныя намаганні ЕС і ЗША, накіраваныя на тое, каб краіны, што развіваюцца, асудзілі ўварванне Расіі ва Украіну. Пра гэта піша «Financial Times» са спасылкай на заходніх чыноўнікаў і дыпламатаў.
Крыніцы выдання заявілі, што пазіцыя краін Захаду ў дачыненні да канфлікту на Блізкім Усходзе падрывае спробы дамагчыся ад глабальнага Поўдня кансэнсусу наконт сусветнага парадку, заснаванага на захаванні міжнароднага права, і наконт фарміравання вобразу Расіі як «краіны-ізгоя», якая парушае гэтае права.
Краіны, што развіваюцца, як піша «Financial Times», цяпер абвінавачваюць амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, якія асудзілі напад ХАМАС і падтрымалі дзеянні ў адказ Ізраіля, у крывадушнасці і няздольнасці абараніць інтарэсы палесцінцаў.
«Мы адназначна прайгралі бітву на глабальным Поўдні. Уся праца, якую мы прарабілі з глабальным Поўднем [па Украіне], страчана. Забудзьцеся аб правілах, забудзьцеся аб сусветным парадку. Яны больш ніколі нас не паслухаюць», — сказаў у размове з журналістамі высокапастаўлены дыпламат адной з краін G7.
За месяц да нападу ХАМАС на Ізраіль у Дэлі прайшоў саміт G20, на якім Захад заклікаў краіны, што развіваюцца, асудзіць атакі расійскіх вайскоўцаў на мірных жыхароў Украіны. Цяпер жа краіны Усходу, асабліва Егіпет і Іарданія, заклікаюць заходніх чыноўнікаў асудзіць абстрэлы і блакаду сектара Газа — і прыводзяць роўна тыя ж аргументы, распавялі суразмоўцы «Financial Times».
«Калі вы называеце спыненне паставак вады, харчавання і электрычнасці ва Украіне ваенным злачынствам, то вам варта сказаць тое ж самае і аб сектары Газа», — заявіў у размове з журналістамі чыноўнік адной з арабскіх краін.
Захад мяркуе, што вайна на Блізкім Усходзе выгадная Расіі. Адзін з высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў у размове з «FT» назваў блізкаўсходні канфлікт «дарункам нябёсаў для Расіі».
«Расія выкарыстоўвае гэты крызіс, паколькі цяпер, звяртаючыся да мільярда жыхароў Блізкага Усходу або арабскага свету, можа казаць: глядзіце, сусветны парадак, пабудаваны пасля Другой сусветнай вайны, не працуе для вас», — заявіў суразмоўца выдання.
Расія больш не мае ролі «вялікай дзяржавы», якая стрымлівае сваіх хаўруснікаў у рэгіёне, але бачыць у блізкаўсходнім канфлікце магчымасць адцягнуць увагу ад вайны з Украінай і растраціць рэсурсы ЗША. «У Расіі велізарная стаўка на працяг гэтага канфлікту», — заявіў у гутарцы з журналістамі міністр замежных спраў адной з заходніх краін.
Паводле meduza.io