Ва Украіне заклікаюць пачаць крымінальную справу ў дачыненні да Лукашэнкі
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны заклікаюць пачаць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведную заяву міжфракцыйнага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь» апублікаваў дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
Нагодай для крымінальнай справы яны называюць супрацоўніцтва Лукашэнкі з так званай «Луганскай народнай рэспублікай», перадае «Еўрарадыё».
Раней Лукашэнка заявіў, што дапусціць прадстаўнікоў «ЛНР» да следчых деянняў з затрыманым блогерам Раманам Пратасевічам. З’яўляліся нават паведамленні, што гэтыя прадстаўнікі выехалі ў Мінск.
«У выпадку, калі звар'яцелы дыктатар Лукашэнка дапусціць тэрарыстаў да Пратасевіча ці, яшчэ горш, дазволіць экстрадаваць на акупаваныя тэрыторыі, гэта дэ-факта азначае прызнанне тэрарыстаў», — гаворыцца ў заяве.
Украінскія дэпутаты заклікаюць да жорсткай рэакцыі на такія крокі:
- поўнае спыненне любых дыпламатычных адносін з рэжымам Лукашэнкі, акрамя пытанняў палітвязняў і бежанцаў;
- пачаць крымінальную справу на Лукашэнку за супрацоўніцтва з тэрарыстамі;
- рыхтавацца да поўнага спынення гандлёва-эканамічных адносін (да поўнай блакады Беларусі).