Беларуская дыяспара ва Украіне мае намер далучыцца да акцыі блакавання беларускай мяжы
Нагадаем, падобныя акцыі беларусы праводзяць зараз у Літве і Польшчы. Яны абцяжарваюць рух грузаў з Беларусі.
Як паведамляе тэлеграм-канал беларускай дыяспары ва Украіне, акцыя плануецца 10-13 чэрвеня на памежным пераходзе «Нові Яриловичи — Новая Гута» ва Украіне.
«Ачапіўшы памежную тэрыторыю Беларусі з вонкавага боку мы падтрымаем ініцыятыву “Еўропа, час дзейнічаць!”. Беларусам патрэбныя дзейсныя санкцыі супраць рэжыму. Наша сэрца кліча нас паехаць да мяжы і падтрымаць акцыі беларусаў ля межаў Польшчы і Літвы. Возьмем нашу родную Беларусь у абдымкі любові і салідарнасці! Мы працягваем змагацца з беззаконнем усімі даступнымі сродкамі. Мы хочам жыць у свабоднай краіне і каб кожны беларус сапраўды меў правы, якія дадзены яму ад нараджэння! Быць свабоднымі! Мы хочам свабодна гаварыць не на кухні! Мы хочам, каб наш голас быў палічаны і пачуты!» — гаворыцца ў паведамленні.
«Таму мы едзем да мяжы з заклікам спыніць гвалт, спыніць катаванні, спыніць беззаконне», — гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з паведамленнем, зараз акцыя ўзгадняецца з уладамі Украіны.