Украіна: 83% грамадзян выступаюць за ўкраінскую мову як адзіную дзяржаўную
Ва Украіне колькасць грамадзян, якія лічаць украінскую мову роднай, павялічылася з 57% у 2012 годзе да 76% у 2022 годзе, паведамляе Свабода.
Па выніках апытання сацыялагічнай групы «Рейтинг» (Кіеў), колькасць грамадзян, якія лічаць роднай расійскую мову, скарацілася за 10 гадоў з 42% да 20%.
Паводле сацыёлагаў, грамадская думка і стаўленне да ўкраінскай мовы змянілася пад уплывам моўнай палітыкі ўладаў у 2012–2016 гадах, Рэвалюцыі годнасці ў 2014-м, а таксама анексіяй Расеяй Крыму і акупацыяй некаторых раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
Уварванне Расіі ва Украіну 24 лютага яшчэ больш аб’яднала грамадзян: цяпер абсалютная большасць — 83% — выступаюць за ўкраінскую мову як адзіную дзяржаўную мову ва Украіне. Сацыёлагі сцвярджаюць, што такая думка дамінуе ва ўсіх макрарэгіёнах, узроставых і моўных групах.
Колькасць грамадзян, якія да вайны падтрымлівалі дзяржаўны статус расійскай мовы, скарацілася з 25% да 7%.