Дзень Волі ў Маямі: Салідарнасць з Украінай
Святкаванне Дня Волі ў Маямі cёлета цесна звязанае з падзеямі ва Украіне.
Сябры аддзелу БАЗА Паўднёвай Фларыды паднялі ўкраінскія і беларускія сцягі, каб звярнуць увагу ўсяго свету, што бягучая праблема Украіны неаддзельная ад праблемы Беларусі.
"Пакуты ўкраінскага і беларускага народаў маюць агульны корань у Крамлі, — кажа сакратар Аддзелу прафесар Паліна Прысмакова. — Гэта няспынная пуцінская прага панавання не толькі над прыгнечанымі народамі ў самой Расійскай Федэрацыі, але і суседніх краінах: Беларусі, Грузіі, Казахстане, а цяпер і Украіне".
Урачыстая цырымонія распачалася гімнам БНР, і адразу ж за тым — хвілінай маўчання па ўсіх загінулых ад пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў.
Пасля відэазварота Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і прамоваў сябра Галоўнай Управы БАЗА Вячаслава Бортніка і старшыні Аддзелу Аляксандры Пушкаровай, слова далі Карыне Маясеевай, маладой жанчыне з актыву ўкраінскай дыяспары Флорыды. Гэта яна і яе каманда арганізуе ралі на сотні чалавек на вуліцах Маямі і прадае ўкраінскі мерч на карысць пацярпелым, адзначыла старшыня Аляксандра Пушкарова.
Сябры аддзелу і госці паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні "Якая яна, вольная Беларусь?". Галоўнымі вартасцямі будучай Беларусі бачацца роўнасць, права выбару ды адказнасць за свой выбар, і свабода слова.
Вольга Вазякова правяла беларускія танцы, якія прывезла з сабой наўпрост з Плошчы Перамен.
Найбольш кранальным момантам быў выступ яе дачкі, дзяўчынкі Златы, якая распавяла пра свае дзіцячыя ўражанні пратэстаў 2020 году, у якіх разам cа сваякамі ўдзельнічала асабіста: "Калі я бачыла, што ідзе міліцыя, я адразу ж аддавала незнаёмым на вуліцы свае белыя і чырвоныя шарыкі. Кожны раз".
Наступнага дня актыў і сябры аддзелу наведалі дабрачынны канцэрт дзеля збору сродкаў на карысць Украіны, арганізаваны ўкраінскай дыяспарай пры ўдзеле сяброў БАЗА Паўднёвай Фларыды.
Сябра Аддзелу Віталь Самсонаў быў адным з вядучы канцэрту, а сяброўка аддзелу Караліна Гіменез заспявала "Купалінку".
Падчас канцэрту, украінцы са сцэны падзякавалі Аддзелу БАЗА Паўднёвай Фларыды за пільную дапамогу ў тэхнічнай арганізацыі першых украінскіх ралі ў Маямі.
Фота: Аксаны Сігіневіч і Аляксандра Кулінковіча