Удзельнікі G20 не пераканалі Трампа выконваць пагадненне па клімаце
Дзевятнаццаць удзельнікаў саміту «вялікай дваццаткі» пацвердзілі узятыя на сябе абавязкі па скарачэнні выкіду парніковых газаў, нягледзячы на заяўлены намер ЗША выйсці з Парыжскага пагаднення па клімаце.
Перамовы па пытанні выканання абавязкаў у рамках кліматычнага пагаднення ледзь не зайшлі ў тупік, аднак у выніку ўдзельнікі сустрэчы змаглі знайсці кампраміснае рашэнне.
У выніковай заяве гаворыцца, што хоць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер адмовіцца ад пагаднення, астатнія 18 прамыслова развітых краін, а таксама Еўрасаюз у якасці калектыўнага сябра, пацвярджаюць сваю гатоўнасць выконваць умовы, устаноўленыя пагадненнем па клімаце, якое накіравана на скарачэнне выкідаў у атмасферу парніковых газаў .
«Мы прымаем да ўвагі рашэнне ЗША выйсці з Парыжскага пагаднення», — сказана ў выніковай заяве. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што, тым не менш, з іх пункту гледжання, пагадненне не падлягае перагляду.Таксама ўдзельнікі перамоваў выказалі надзею на тое, што ЗША будуць імкнуцца да больш цеснага супрацоўніцтва з іншымі краінамі і паспрабуюць больш эфектыўна выкарыстоўваць прыроднае паліва, ужываючы адмысловыя тэхналогіі для ачысткі выкідаў.
Канцлер Германіі Ангела Меркель падкрэсліла, што яна не змяніла свайго меркавання і па-ранейшаму асуджае пазіцыю Трампа адносна Парыжскага пагаднення.
Падобная сітуацыя з-за пазіцыі ЗША склалася ў траўні, падчас саміту краін «вялікай сямёркі» у Італіі. Тады ўдзельнікі сустрэчы так і не змаглі дасягнуць згоды з нагоды захавання Парыжскага пагаднення па клімаце.Шэсць краін-членаў «вялікай сямёркі» — Брытанія, Канада, Францыя, Германія, Італія і Японія — пацвердзілі сваю гатоўнасць выконваць умовы, устаноўленыя пагадненнем па клімаце, якія накіраваны на скарачэнне выкідаў у атмасферу парніковых газаў.
Аднак ЗША адмовіліся пацвердзіць гатоўнасць выконваць абавязкі, узятыя пры падпісанні пагаднення. У пачатку чэрвеня Трамп абвясціў, што Злучаныя Штаты выходзяць з яго зусім.
Парыжскае пагадненне прадугледжвае абавязкі скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, а таксама выдзяленне да 2020 года краінам, якія развіваюцца 100 млрд даляраў на рашэнне праблем экалогіі.Парыжскае пагадненне ў снежні 2015 года падпісалі прадстаўнікі больш за 170 краін. У красавіку мінулага года Парыжскае пагадненне падпісала Расія. ЗША і Кітай афіцыйна далучыліся да пагаднення ў верасні 2016 года. ЗША абавязаліся скараціць выкіды парніковых газаў на 26-28% да 2025 годзе ў параўнанні з узроўнем 2005 года.
На долю ЗША ў мінулым годзе прыпадала каля 14% сусветных выкідаў парніковых газаў.
Паводле BBC