АЭС у Астраўцы — неканвенцыйная зброя?

У размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўзгадвае будаўніцтва ў Беларусі Астравецкай АЭС. 

Фота: belta.by

Фота: belta.by

“Небяспечная Беларуская АЭС і газаправод "Паўночны паток-2" могуць быць выкарыстаныя Расіяй ў якасці прылады неканвенцыянальнага шантажу. Беларускую АЭС каля Астраўца будуе карпарацыя "Расатам", у выпадку аварыі на станцыі ад радыеактыўнага забруджвання могуць пацярпець 16 сталіц Еўропы”, ― заявіла прэзідэнт Літвы.

Што мела на ўвазе Даля Грыбаўскайтэ, абмяркоўваем з фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім.

“Неканвенцыйная зброя для шантажу”

“Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра нестандартныя, нязвыклыя пагрозы. Менавіта такія пагрозы могуць быць звязаныя з будаўніцвтам АЭС, бо аб’ект будуецца побач са сталіцай Літвы. Шантаж у тым, як будуецца АЭС. Бо для Беларусі і для Расатама гэта палітычны праект. Пра гэта кажа пляцоўка, якую абралі, бо яна далёка ад індустрыяльных раёнаў Беларусі. Шантаж у тым, што хочуць стварыць такую занозу, пасварыць Літву і Беларусь. Якраз сёння адбываецца рэалізацыя такіх пагроз. Само будаўніцтва побач з Вільняй стварае палітычную напружанасць. У сябе Літва правяла рэферэндум, і пасля заняла антыядзерную пазіцыю. У Беларусі гэты праект выгадны толькі “Расатаму”, у людзей не спыталі”.

Што за 16 сталіц, якім пагражае небяспека

“Гэта найгоршы сцэнарый. Найперш пад пагрозай Вільня, потым ― Мінск, бо калі глядзець на ружу вятроў, вецер будзе ісці ў бок Мінска. Далей пад выкіды трапляе Рыга і Талін, Варшава, Хельсінкі, Стакгольм, Кіеў. У рэдкіх выпадках, калі вецер дзьме на поўдзень, пад выкіды трапляюць Сафія, Будапешт, Бухарэст, Кішынёў. У прынцыпе, можа даляцець да Прагі, Браціславы, Вены і нават да Берліна. Гэта даследаванне Flex Risk, якое рабілася ў Аўстрыі, Венскім універсітэтам, там ёсць мапы магчымага забруджвання пры самых цяжкіх аварыях на АЭС, у тым ліку і Астравецкай АЭС”.

Навошта гэтая інфармацыя Трампу, і чым ён дапаможа

“Трамп далёка, выкіды туды не даляцяць. Яму вырашылі паскардзіцца, як старэйшаму партнёру па НАТА. Гэтая праблема можа быць вырашаная толькі на перамовах паміж Літвой і Беларуссю. Хутчэй за ўсё, Беларусі давядзецца адмовіцца ад будаўніцтва станцыі, як у свой час адмовілася Расія ад будащництва АЭС у Калінінградскай вобласці. Я не веру, што на сустрэчы з Пуціным Трапм будзе ўздымаць гэтае пытанне”.

euroradio.fm