У ЗША апублікавалі здымкі снайпераў, якія стралялі на Майдане (фота)
Яны былі зробленыя раніцай 20 лютага, нібыта, каля будынка Службы бяспекі Украіны ў Кіеве. Падборку здымкаў, на якіх відаць твары некаторых снайпераў, змясціла амерыканскае выданне The Daily Beast.
Адзначаецца, што многія з дзясяткаў байцоў прадстаўлялі элітнае падраздзяленне СБУ "Альфа". Нагадаем, раней яго прадстаўнікі абвяргалі, што снайперы "Альфы" стралялі ў людзей.
На здымках зафіксаваная падрыхтоўка невядомых да выезду на вызначаныя пазіцыі. Яны ўзброеныя снайперскімі стрэльбамі, мадыфікаванымі аўтаматамі Калашнікава, маюць аскепкавыя гранаты. Многія байцы былі з белымі і жоўтымі павязкамі для ідэнтыфікацыі падчас баявых дзеянняў, таксама яны апраналі балаклавы.
Амерыканскае выданне робіць выснову, што расстрэл мірных людзей у Кіеве ў лютым "быў замоўлены прарасійскім рэжымам Януковіча".
Нагадаем, 3 красавіка міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў збіраецца прадаставіць прамежкавую справаздачу аб расследаванні справы аб масавых забойствах падчас пратэстаў у цэнтры Кіева.
Фота — The Daily Beast