У Польшчы — 25-ая гадавіна Круглага стала

Шостага лютага 1989 года прадстаўнікі камуністычнага ўраду і апазіцыі з «Салідарнасці» упершыню пачалі перамовы ў рамках круглага стала, які ініцыяваў мірную перадачу ўлады ў Польшчы і стаў яе сімвалам.



okragly_stol.jpg

Okrągły Stół. Круглы стол
У канцы 80- х гадоў у камуністычнай Польшчы ўзмацняліся пратэсты ў грамадстве, выкліканыя складанай эканамічнай сітуацыяй. Супрацьстаянне ўзрасло пасля рашэння прэм'ер-міністра Мечыслава Ракаўскага аб ліквідацыі гданьскай суднаверфі - калысцы дэлегалізаванай падчас ваеннага становішча «Салідарнасці». Камуністычныя лідэры вырашылі пачаць неафіцыйныя перамовы з часткай актыўнай на працягу апошняй дэкады апазіцыі, якія прывялі да пасяджэння за круглым сталом.
Перамовы працягваліся з 6 лютага па 5 красавіка 1989 у Калоннай зале Палаца Савета Міністраў, у цяперашні час - Прэзідэнцкі палац, ў Кракаўскім прадмесці Варшавы. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва Польскай Народнай Рэспублікі, апазіцыі з «Салідарнасці» на чале з Лехам Валенсам, а таксама каталіцкай царквы.
Дзякуючы пасяджэнню за круглым сталом зноў была легалізаваная «Салідарнасць» і дайшло да першых часткова свабодных выбараў у сойм і сенат ПНР, якія праходзілі 4 чэрвеня 1989 года. Насуперак чаканням уладаў, Польская аб'яднаная працоўная партыя пацярпела ў іх поўнае паражэнне, а кандыдаты дэмакратычнай апазіцыі атрымалі амаль усе наяўныя мандаты.
Круглы стол і чэрвеньскія выбары ў так званы «кантрактны сейм» паклалі пачатак змен, у выніку якіх у Польшчы быў створаны першы некамуністычны ўрад у гэтай частцы Еўропы з Тадэвушам Мазавецкім ў якасці прэм'ер-міністра. Ужо ўвосень 1990 года прайшлі цалкам свабодныя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў легендарны лідэр «Салідарнасці» Лех Валенса.
Перамены ў Польшчы, сімвалам якіх, вядомым ва ўсім свеце, з'яўляецца круглы стол, сталі пачаткам канца навязанай дзяржавам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля Другой сусветнай вайны сістэмы ўлады, якая залежала ад Савецкага Саюза. Праз 10 гадоў, у той жа самай Калоннай зале, было падпісана пагадненне аб уступленні Польшчы ў НАТА, а ў 2003 годзе ратыфікаваная Дамова аб уступленні Польшчы ў Еўрапейскі саюз.
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Польшчы