У цэнтры акупаванага Данецку павесілі партрэты Сталіна

Выявы савецкага тырана размясцілі на галоўнай гарадской плошчы і падпісалі цытатай: «Наша справа слушная, вораг будзе разбіты, перамога будзе за намі».



donetsk.jpg

Пра гэта паведамляе агенцыя «France-Presse».

Паводле аўтара публікацыі, цяпер улады і жыхары Данецку спрабуюць «замазаць зверствы Сталіна» і забываюць пра тое, што ў 30-я гады праз гвалтоўную калектывізацыю загінулі каля 5 млн украінцаў.

Лідар самаабвешчанай ДНР Аляксандр Захарчанка заяўляў, што шкадуе пра развал Савецкага Саюзу.

«Савецкі Саюз быў вялікай краінай, і гэта велізарная памылка, што ЦРУ і іншыя спецслужбы разбурылі яе. Еўропа і іншыя краіны тады баяліся нас», — адзначаў Захарчанка.

«The Guardian» падкрэслівае, што пазіцыя ДНР кантрастуе з пастановай афіцыйнага Кіева, які ў траўні гэтага года забараніў выкарыстанне савецкай сімволікі. Па ўсёй Украіне ўжо знеслі некалькі помнікаў Уладзіміру Леніну, што выклікала незадаволенасць з боку шмат каго з жыхароў Данецку.

Аўтар артыкулу падкрэслівае, што ўлады ДНР наўмысна праводзяць палітыку, накіраваную на ідэалізацыю савецкай эпохі. Аднак пры гэтым яны адмаўляюць усё, што «псуе ідэальную карціну».

belsat.eu