У турме памёр тэрарыст Унабомбер. Яго пошук стаў адной з самых працяглых і дарагіх аперацый у ЗША

У турме ў Паўночнай Караліне знайшлі мёртвым Тэадора Качынскага — тэрарыста па мянушцы «Унабомбер». Прычына смерці пакуль невядомая. Качынскаму быў 81 год.

_130056197_gettyimages_1301274454.jpg


Пра смерць Унабомбера паведамляе Associated Press са спасылкай на прэс-сакратара Федэральнай управы турмаў Крысці Брэшэрс. Паводле яе слоў, ён быў знойдзены без прытомнасці ў сваёй камеры раніцай у суботу і быў абвешчаны мёртвым каля 8 гадзін раніцы. Да свайго пераводу ў турэмную медыцынскую ўстанову ён утрымліваўся ў федэральнай турме Supermax у Фларэнцыі, штат Каларада, з мая 1998 года, калі ён быў прысуджаны да чатырох пажыццёвых зняволенняў плюс 30 гадоў за 17-гадовую кампанію тэрору.


Тэд Качынскі быў даволі незвычайнай асобай, да якой доўгі час была прыкавана ўвага амерыканцаў. Ён герой шматлікіх тэлевізійных дакументальных фільмаў, яго гісторыя легла ў аснову дэтэктыўных галівудскіх карцін.
Яшчэ ў дзяцінстве яго называлі вундэркіндам, у 16 гадоў Качыньскі паступіў у Гарвард, а пазней атрымаў ступень доктара навук па матэматыцы ў Мічыганскім універсітэце.
Ён займаўся настолькі вузкай галіной матэматыкі, што, як казалі яго калегі, толькі дзясятак чалавек у краіне разумелі, што ён вывучае.
У 25 гадоў ён пачаў выкладаць матэматычны аналіз і геаметрыю ў прэстыжным Каліфарнійскім універсітэце Берклі.
Да 30 гадоў Качынскі расчараваўся ў індустрыяльным грамадстве і пераехаў у хату без электрычнасці і водаправода ў дзікай мясцовасці штата Мантана. Ён пачаў асвойваць навыкі выжывання, сілкуючыся трусамі і паляўнічымі трафеямі.
Неўзабаве Тэд прыйшоў да высновы, што весці такое самотнае прымітыўнае жыццё немагчыма, і абвінаваціў ва ўсім разбурэнне дзікай прыроды прамысловасцю і забудовамі.
З 1978-га да сярэдзіны 1990-х гадоў Качынскі адправіў па пошце 16 пасылак з бомбамі, мэтай якіх былі ўніверсітэты і авіялініі. У выніку выбухаў гэтых бомбаў загінула 3 чалавекі і 23 было паранена.

На фота Тэадор Качынскі — старшы выкладчык у Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, 1968 год

На фота Тэадор Качынскі — старшы выкладчык у Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, 1968 год


У верасні 1995 года ён вымусіў «Вашынгтон пост» сумесна з «Нью-Ёрк таймс» прыняць рашэнне апублікаваць яго маніфест з 35 000 слоў «Індустрыяльнае грамадства і яго будучыня», у якім сцвярджалася, што сучаснае грамадства і тэхналогіі вядуць да адчування бяссілля чалавека. Ён тлумачыў, што яго бомбы былі крайняй, але неабходнай мерай, каб прыцягнуць увагу да працэсу памяншэння чалавечай свабоды ў грамадстве з-за сучасных тэхналогій, якія патрабуюць буйнамаштабнай арганізацыі.
Гэты маніфест прывёў да яго злаўлення. Брат Качынскага і яго жонка зразумелі па стылю напісанага, хто гэта, і паведамілі ФБР, хто стаіць за выбухамі. У красавіку 1996 года ўлады знайшлі Унабомбера ў фанерна-бетоннай хаце памерам 3 на 4 метры за межамі Лінкальна, штат Мантана. Будынак быў запоўнены часопісамі, закадаваным дзённікам, выбуховымі рэчывамі і дзвюма гатовымі бомбамі.

Качынскі 21 чэрвеня 1996 года

Качынскі 21 чэрвеня 1996 года


Пошук Унабомбера стаў адной з самых працяглых і дарагіх аперацый у ЗША. Тэрарыст моцна паўплываў на жыццё ўсёй краіны — у ліпені 1995 года на ўсім заходнім узбярэжжы ЗША спынілася авіяспалучэнне, людзі перасталі лётаць на самалётах, былі праблемы і ў паштовай службы — людзі перасталі адпраўляць і забіраць пасылкі.