У Славакіі будзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў, пасля першага лідзіруе праўкраінскі кандыдат
Празаходні дыпламат і кандыдат ад кіруючай прарасійскай кааліцыі ў Славакіі выйшлі ў другі тур выбараў прэзідэнта. Крытыкі чакаюць, што ў выпадку перамогі другога прэм'ер Фіца ўмацуе свае антызаходнія пазіцыі.

Петэр Пелегрыні. Фота Reuters
Былы славацкі міністр замежных спраў Іван Карчок і спікер парламента Петэр Пелегрыні сустрэнуцца ў другім туры выбараў прэзідэнта рэспублікі, паведамляе Spectator. Галасаванне адбудзецца праз два тыдні — 6 красавіка.
Пасля падліку 100% галасоў Карчок заняў першае месца з 42,44%, Пелегрыні — другое з 37,07%. Трэцяе месца ў былога міністра юстыцыі Штэфана Харабіна, ён атрымаў 11,79%. Для перамогі было неабходна набраць абсалютную большасць галасоў.
«Я цвёрда стаю на зямлі. Напярэдадні другога тура мы ўсе разумеем, што нам давядзецца зрабіць больш, каб прыцягнуць выбаршчыкаў па ўсім спектры», — сказаў Карчок.
Пелегрыні лічыўся фаварытам перадвыбарнай гонкі, і апытанні грамадскай думкі паказвалі, што ў другім туры ён атрымае больш галасоў, чым любы з канкурэнтаў. Ён павіншаваў Карчка з перамогай у першым туры і прадказаў напружаную барацьбу ў другім туры. «Верагодна, гэта будзе напружаная гонка», — дадаў Пелегрыні.
Карчок прытрымліваецца ліберальных і празаходніх поглядаў і абяцаў працягнуць курс цяперашняга прэзідэнта Зузаны Чапутавай, якая неаднаразова выказвалася ў падтрымку Украіны.
Глядзіце таксама

Як адзначае Associated Press, перамога яго канкурэнта Пелегрыні ўмацуе пазіцыі цяперашняга прэм'ера Роберта Фіца, які выступае супраць вылучэння Украіне вайсковай дапамогі. Партыя Пелегрыні далучылася да кіруючай кааліцыі з левай партыяй Фіца «Смер» («Напрамак») і ультранацыяналістычнай славацкай нацыянальнай партыяй. Washington Post і іншыя заходнія медыя характарызуюць Фіца як прарасійскага палітыка і папуліста. AP называе прарасійскім і самога Пелегрыні, які займаў пасаду прэм'ера ў 2018-2020 гадах.
Кандыдат Штэфан Харабін, які заняў трэцяе месца, выступаў у падтрымку Расіі. Як піша Spectator, чакаецца, што яго выбаршчыкі падтрымаюць Пелегрыні ў другім туры, калі прыйдуць на выбары, аднак сам палітык не раз казаў, што галасаваць за Пелегрыні не збіраецца.
Як высветліла Politico, антыўкраінскі курс Фіца звязаны са знявагай, якую ён перажыў падчас свайго першага прэм'ерскага тэрміну ў 2009 годзе. Паводле даных выдання, на фоне газавага крызісу паміж Масквой і Кіевам ён прыбыў ва Украіну для перамоваў з тагачаснай калегай Юліяй Цімашэнка, але дэлегацыю прымусілі доўга чакаць, а пасля адчыталі перад журналістамі. Калі ён прыбыў затым у Расію, яго сустрэлі прадуманай цырымоніяй у Георгіеўскай зале Крамля. Фіца «дакладна памятае, што адбылося ў 2009 годзе», прызнаў былы кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Улахоўскі.
Паводле РБК.