У Расіі прапанавалі пазбаўляць грамадзянства тых, хто крытыкуе вайну

Спікер расійскай Дзярждумы Вячаслаў Валодзін лічыць правільным пазбаўляць грамадзянства за крытыку вайны. На яго думку, падобныя публічныя дзеянні зрэжысаваныя краінамі НАТА, для таго каб атрымаць «пячэнькі Дзярждэпу».

photo_2021_03_15_05_43_10.jpg

Такім чынам ён адрэагаваў на атрыманне былым рэдактарам Першага канала Марынай Аўсяннікавай працы ў нямецкім уплывовым выданні Die Welt. Нагадаем, 14 сакавіка яна выйшла ў прамы эфір падчас вячэрняга выпуску навін з антываенным плакатам.

«Цяпер яна будзе працаваць на адну з краін NATO, апраўдваць пастаўкі зброі ўкраінскім неанацыстам, накіраванні наймітаў, якія будуць ваяваць супраць нашых жаўнераў і афіцэраў, абгрунтоўваць уведзеныя супраць Расійскай Федэрацыі санкцыі. Задумайцеся: што было б, калі падобнае адбылося б у ЗША? У лепшым выпадку зрабілі б ізгоем з пазбаўленнем усіх правоў і магчымасцяў. На жаль, для такіх «грамадзян РФ» няма працэдуры пазбаўлення грамадзянства і забароны на ўезд у нашу краіну. Але, напэўна, гэта было б правільна», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Паводле reform.news.