Расійцы ў Бучы згвалтавалі прынамсі 25 украінак, у тым ліку непаўналетніх. Некаторыя цяпер цяжарныя

Украінскі амбудсмэн Людміла Дзянісава заявіла, што задакументавана прыкладна 25 выпадкаў згвалтавання, якія расійскія вайскоўцы здзейснілі падчас акупацыі Бучы на Кіеўшчыне. Пра гэта яна распавяла ў каментары BBC, піша Hromadske.

bucha_copy_01.webp

Паводле яе слоў, на дадзены момант вядома прыкладна пра 25 дзяўчат і жанчын 14-24 гадоў, якіх неаднаразова гвалтавалі расійскія вайскоўцы ў падвале дома ў Бучы. Дзянісава адзначыла, што дзевяць пацярпелых цяжарныя.

Яна распавяла, што жанчыны паведамляюць пра сэксуальны гвалт на гарачыя лініі або ў боты ў Telegram. Аднак ацаніць маштабы сэксуальных злачынстваў зараз немагчыма, паколькі не ўсе гатовыя расказаць.

«Большасць з пацярпелых цяпер звяртаюцца за псіхалагічнай падтрымкай, таму мы не можам зафіксаваць гэта як злачынствы, калі яны не дадуць нам сваіх паказанняў», — сказала Дзянісава.