У Расіі дазволілі вальернае паляванне на жывёл
Дзярждума РФ прыняла ў першым чытанні законапраект аб вальерным паляванні, які фактычна дазваляе расстрэл дзікіх жывёл у абмежаванай прасторы. Большасць дэпутатаў падтрымалі дакумент сваімі галасамі ў сераду, 11 снежня. Цяпер расстрэл жывёл у вальерах будзе называцца «аматарскім або спартыўным паляваннем».
Тых, хто вырашыў пацешыцца, закон не будзе ні ў чым абмяжоўваць — ні ў зброі, ні ў спосабе забойства — усё залежыць ад інтарэсаў «спартсмена». Для таго, каб «прыемна правесці час», трэба ўсяго толькі атрымаць пуцёўку — заключыць звычайны дагавор на аказанне паслуг.
Якія аргументы ў тых, хто прыняў закон?
Прыхільнікі законапраекта спасылаюцца на досвед іншых краін, але замоўчваюць, што нідзе не дазволена забіваць жывёл непасрэдна ў вальерах, іх там толькі вырошчваюць і выпускаюць ў паляўнічыя ўгоддзі, прычым да палявання на іх павінна прайсці мінімум 4 месяцы.
Аўтары праекта сцвярджаюць, што вальернае паляванне дапамагае падтрымліваць колькасць папуляцыі розных відаў. Дык вось, хто хвалюецца аб захаванні відаў?
Працоўную групу па абнаўленні састарэлага закона аб паляванні ўзначальвае першы намеснік старшыні камітэта па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя Мікалай Валуеў — заўзяты паляўнічы і рыбак. Ён любіць не толькі забіваць жывёл, але і выхваляцца ў сетцы фатаграфіямі з імі, а таксама даваць інтэрв'ю пра сваё «хобі» розным СМІ. Не так даўно Валуеў у складзе камісіі па фарміраванні Чырвонай кнігі выступаў за выключэнне з яе шэрагу жывёл. Таксама дэпутат станавіўся героем скандалаў з-за сумнеўнай законнасці забойства мядзведзя і бабра.
Яшчэ адзін з яркіх аўтараў законапраекта — дэпутат Дзярждумы Уладзіслаў Рэзнік. Ён таксама любіць забіваць і з'яўляецца членам «Клуба горных паляўнічых». Год таму Уладзіслаў прапаноўваў ўзаконіць трафейнае паляванне на жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Імкнецца ён захаваць віды? Адказаць на гэтае пытанне нескладана.
Яшчэ адзін аргумент дэпутатаў за прыняцце закона — фінансавая выгада і эканамічная прывабнасць вядзення паляўнічай гаспадаркі. Вось тут яны былі максімальна шчырымі. Не паспрачацца.
Дарэчы, у новым дакуменце, які ўхваліла Дзярждума, «вызначаецца статус паляўнічых рэсурсаў, якія змяшчаюцца ў паўвольных умовах». Паляўнічыя рэсурсы — гэта і ёсць жывёлы. Гэта значыць, літаральна іх прызнаюць «рэсурсамі».
Законапраект ухвалены большасцю. Аднак было і некалькі праціўнікаў яго прыняцця. Як паведамляе ТАСС, віцэ-спікер Дзярждумы Вольга Епіфанава раскрытыкавала падобную ініцыятыву, назваўшы вальернае паляванне «жорсткім і амаральным бізнесам». Паводле яе слоў, за сцвярджэннем гэтага дакумента ў перспектыве стаіць продаж прыкормленых, паўручных жывёл для бяспройгрышнага палявання нібыта у вольных умовах. Таксама яна параўнала сітуацыю з афрыканскай калоніяй часоў першабытнага каланіялізму, «куды ехалі з Еўропы пастраляць па буйных жывёлах для самасцвярджэння, каб потым пышыцца адзін перад адным у сваіх клубах!»
Тым часам у краінах Захаду дыскусіі аб эксплуатацыі жывёлаў развіваюцца ў бок больш гуманнага да іх стаўлення. Шэраг краін мае забарону на выпрабаванне касметыкі на жывёлах, на кантактныя заапаркі і выкарыстанне жывёлаў у цырках. Сёлета ва Украіне таксама абмяркоўваецца прыняцце законапраекта па забароне эксплуатацыі жывёл у цыркавой дзейнасці. У Швейцарыі існуе пасада «адваката жывёлаў», а Нідэрланды сталі першай краінай у свеце, дзе прадстаўлена Партыя абароны жывёлаў.
Паводле vegetarian.ru