Не трэба думаць, што 7 снежня ўзровень небяспекі знізіўся

У нас агульная на ўсіх небяспека. Не ведаю, ці ёсць у яе мера — жоўты, чырвоны або аранжавы ўзровень, але яна адна для ўсіх.

Дзень Волі, 2018 год

Дзень Волі, 2018 год


«Пул першага і адзінага» паведаміў, што 7–8 снежня ў Мінску прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку гэтага першага і адзінага. Уладзімір Барадач — эмігрант і радыкальны праціўнік рэжыму — ацаніў акцыі гэтак жа. Расійскія інфармацыйныя рэсурсы распавялі, што акцыяй кіраваў асабіста Віктар Лукашэнка. Валерый Карбалевіч падкрэсліў, што Лукашэнка не стаў разганяць акцыі таму, што яны яму цяпер выгадныя.

Так. Незалежнасць патрэбна рэжыму і патрэбна мне, дый любому беларусу з грамадзянскай пазіцыяй. У адстойванні незалежнасці і суверэнітэту нашы мэты супадаюць. Нават Пазьняк за незалежнасць, як і Лукашэнка. Але трэба быць дэмагогам або салдатам інфармацыйнай вайны, каб сцвярджаць, што Пазьняк і Лукашэнка заадно. І што Севярынец дапамагае Лукашэнку. І што я цалкам падтрымліваю Севярынца. Але менавіта такі пасыл цяпер пануе ў абмеркаванні падзей 7–8 снежня.

Яшчэ ў пачатку кастрычніка мне давялося размаўляць з былым чыноўнікам высокага рангу і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Я спытаў у яго, ці маю рацыю ў тым, што на дадзеным этапе нашы інтарэсы (кампаніі «Свежы вецер») і ўрада супадаюць, таму рэжым да нас лаяльны і не замінае? Ён адказаў, што менавіта так. І што ва ўрадзе і вышэй гэта разумеюць.

А што будзе тады, калі нашы інтарэсы і мэты разыдуцца ў розныя бакі? Ці пачнуць нас пераследаваць? Былы чыноўнік і дэпутат на хвіліну задумаўся — і амаль упэўнена адказаў: «Не, не думаю». Хвілінны задуменнасці мне хапіла, каб правільна інтэрпрэтаваць яго адказ: «Так, будуць пераследаваць!»

Ну, вядома ж. Нават без глыбокага аналізу ясна, што звычкі і прынцыпы рэжыму застаюцца нязменнымі, і ўсё, што не супадае з інтарэсамі і мэтамі рэжыму, падвяргаецца рэпрэсіям.

Так, у адстойванні незалежнасці інтарэсы ўсіх беларусаў супадаюць. Нават тых, хто трываць не можа Лукашэнку. Нават тых, хто трываць не можа мяне. Незалежнасць — наша агульная каштоўнасць, і рэжыму, і БНФ, і чырвона-зялёных, і бел-чырвона-белых. Так, мы ўсе па-рознаму разумеем незалежнасць. Але калі знешняя пагроза рэальна навісла над краінай і нацыяй, мы павінны забыць пра нянавісць адзін да аднаго.

Гэта як у час пажару ў лесе, тайзе ці джунглях у адным натоўпе ратуюцца і драпежнікі, і траваедныя. І тыя, хто есць, і тыя, каго яны ядуць. Яны бягуць побач ад агульнай небяспекі. Але калі небяспека праміне, тыгры пачнуць есці тых, з кім побач беглі ад пажару, і траваедныя будуць уцякаць ад аднаго выгляду драпежнікаў.

Пажар, агонь — безаблічная, бессуб’ектная стыхія. Яна пагражае ўсяму жывому. Але імперыя — гэта не пажар, яна не безасабовая. Пагроза аншлюсу, рэйдарскага захопу, павольнага задушвання — гэта не безасабовая з’ява прыроды, гэта тое, што робяць людзі.

Я магу цяпер абмяркоўваць з Макеем, са старшынёй КДБ, з палітычнымі апанентамі ў апазіцыі, што мы ўсе можам зрабіць, каб адвесці пагрозу, якая навісла над краінай.

Але я не магу нічога ўсур’ёз абмяркоўваць з Пятром Пятроўскім, з агентамі Крамля ў Беларусі — яны суб’екты і творцы пагрозы, якая працягвае вісець над краінай пасля 8 снежня. І не знікне пасля 20 снежня, незалежна ад таго, што падпішуць ці што не падпішуць. Яны ворагі, або (заезджаная метафара, але да месца) пятая калона Крамля, яны здраднікі і калабаранты.

Не ведаю, як тыя эксперты і чыноўнікі, якія па загадзе рыхтуюць гэтыя «дарожныя карты». Яны могуць быць і ворагамі, і добрасумленнымі служакамі, і проста наіўнымі выканаўцамі.

Але ворагі — гэта ворагі.

І ёсць яшчэ людзі, яны не ворагі, але памыляюцца. Ворагі здзяйсняюць злачынства. А гэтыя — горш. Гэтыя людзі дапускаюць некалькі памылак: лічаць Лукашэнку гарантам незалежнасці; спадзяюцца на эканамічную прагматыку ў рэалізацыі ірацыянальных імперскіх памкненняў; спадзяюцца на міжнародную дапамогу, самі нічога не робячы; думаюць, што хтосьці, а не народ, з’яўляецца адзіным суверэнам, адзіным гарантам і адзіным абаронцам сваёй волі ды суверэнітэту. А яшчэ яны робяць з сябе аб’ектыўнага назіральніка. Такіх людзей нямала, у тым ліку з пішучых і вядомых.

А ёсць яшчэ тыя, паводзіны якіх я не магу кваліфікаваць ні як злачынства, ні як памылку, якая горш за злачынствы. Гэта эгаістычная прагнасць і сквапнасць. Яны лічаць, што на продажы суверэнітэту можна нажыцца. Звычайна такія сквапныя дзялкі не свецяцца, не паказваюцца на публіцы, яны робяць сваё ў цішыні і цемры.

Але ёсць дзялкі ў публічнай прасторы. Гэта палітыканы. Ім пляваць на пагрозу нацыі і краіне, яны пойдуць кандыдатамі ў прэзідэнты. Яны гатовыя грызці тых, хто ратуецца ад пагрозы, бачачы ў іх канкурэнтаў. Гэта тыя, хто высмейваў «алармізм» «Свежага ветру» і бачыў у ім канкурэнта ў барацьбе за ўплыў на шырокую публіку. Тыя, хто саромеўся далучыцца да інфармавання шырокіх мас пра пагрозу аншлюсу да самага апошняга моманту і прачнуўся толькі 6 і 7 снежня. Тыя, хто ўбачыў у пратэстах 7–8 снежня руку рэжыму і заяўляе пра гэта ўголас.

Усе гэтыя людзі ўспамінаюць, што большасць беларусаў не ведаюць ні пра які аншлюс, ні пра якую пагрозу. Ну, яшчэ б! А вы спрабавалі іх інфармаваць? Што ж вы маўчалі цэлы год, а цяпер папракаеце? Але зараз не да ўнутраных сварак. Адсунем пагрозу — тады і будзем разбірацца, хто большы герой і змагар, а хто так, міма праходзіў.

І вось тады інтарэсы разыдуцца. І інтарэсы «Свежага ветру» з інтарэсамі рэжыму. І з Паўлам Севярынцам. Ды і ў самім «Свежым ветры» могуць узнікнуць розныя плыні, і ён падзьме ў розных напрамках.

А пакуль у нас агульная на ўсіх небяспека. Не трэба думаць, што 7 снежня ўзровень небяспекі знізіўся. Ён, магчыма, нават вырас. Мы ж па-ранейшаму НІЧОГА не ведаем. Не ведаем, што сапсавала настрой Лукашэнку ў Сочы. Не думаю, што гэта былі кошты газу і нафты. Падазраю, што гэта нешта большае. Магчыма, асабістая пагроза, магчыма, кампрамат. Ці проста імперская ўпартасць і незгаворлівасць Пуціна.

Агульная небяспека патрабуе агульных дзеянняў. Нельга выратаваць тапельца, калі ён сам гэтага не хоча. Еўрапейцы так і заявілі вуснамі сваіх дыпламатаў: калі вы, беларусы, нічога не робіце для абароны свайго суверэнітэту, то нам ваш суверэнітэт і дарма не патрэбен, і без вас клопатаў хапае.

Гэта наша справа, а не Лукашэнкі, Сямашкі і Румаса. Калі будзе параза — гэта будзе наша параза, а не Лукашэнкі ці Еўропы. І мая асабістая параза. Калі будзе перамога — гэта будзе перамога нацыі, не Лукашэнкі, не Севярынца, не «Свежага ветру», не мая. Наша!

І нам патрэбна адна перамога! Перамога, а не адтэрміноўка. Адна на ўсіх! Пытанне кошту я цяпер абмяркоўваць не буду, кожны сам вырашае, якую цану ён гатовы за гэта заплаціць. Хтосьці заяўляе, што гатовы і жыццё за незалежнасць аддаць. Веру! Але лепш, вядома ж, без такіх крайнасцяў.

За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь!