У Расіі актывісту напісалі пагрозы на дзвярах кватэры і намалявалі БЧБ-сцяг. Раней ён трапляў на Акрэсціна
У расійскай Цверы ў ноч на 14 жніўня невядомыя размалявалі ўваходныя дзверы ў кватэры актывіста Арцёма Важанкова. На дзвярах напісалі «Прэч, брыда!» і намалявалі бел-чырвона-белы беларускі сцяг. Пра гэта мясцоваму выданню «7х7» паведаміў сам Важанкоў.
Паводле яго слоў, пагрозы ў свой адрас з невядомых акаўнтаў
ён атрымлівае ўвесь апошні тыдзень — і па электроннай пошце, і па смс.
— Я спачатку паставіўся да гэтага «хі-хі ха-ха»,
падумаеш, нейкі мамкін тэрарыст. А цяпер ужо дзверы размалявалі, і, можа быць,
ужо пара пачынаць баяцца. Ну ці хаця б зафіксаваць гэта ўсё. Выклікаў паліцыю,
сяджу чакаю, калі прыедуць, — распавёў Арцём Важанкоў.
З'яўленне бел-чырвона-белага сцяга на дзвярах, на думку
актывіста, звязана з яго «беларускім бэкграундам». У жніўні 2020 года ён у
якасці назіральніка ад руху «Голас» ездзіў у Беларусь на выбары
прэзідэнта, яго затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, пяць
сутак ён правёў у вядомым ізалятары на Акрэсціна, дзе яго збівалі.
— Спецыяльна ці выпадкова так супала, але сімвалізм гэтага
малюнка ў тым, што заўтра, 15 жніўня, спаўняецца год, як мяне вызвалілі з
Акрэсціна. І амбасадар РФ, калі мы з ім размаўлялі пасля вызвалення, сказаў,
адзначай гэтую дату як другі дзень нараджэння, — заўважыў Важанкоў.