Сацыёлаг Таццяна Вадалажская выйшла на волю з Акрэсціна
Яна была затрыманая на 10 сутак у межах крымінальнай справы.
Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук і старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, нагадвае «Наша Ніва». Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій і каардынатар праграмы стварэння «Лятучага ўніверсітэта».
Таццяне 47 гадоў, яна нарадзілася ў Мінску. У 1996 годзе
скончыла аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У
1996-2007 гадах працавала ў Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі. Даследавала
пытанні станаўлення і трансфармацыі нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці.
У 2005 годзе Таццяна далучылася да праграмнай дзейнасці
філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Лічыць яго сваім настаўнікам. Акрамя гэтага, у
2007 годзе Таццяна стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду прэзідэнта па
падтрымцы таленавітай моладзі.
З 2010 года з’яўляецца старшым аналітыкам незалежнага
аналітычнага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі — ён уваходзіць у кансорцыум
«ЕўраБеларусі». Таццяна — аўтар даследаванняў і аналітычных дакументаў,
накіраваных на развіццё і ўзмацненне беларускай грамадзянскай супольнасці.
Філосаф Уладзімір Мацкевіч пакуль застаецца за кратамі.