У Расіі абралі галоўнага шамана

Галоўная мэта аб’яднання шаманаў — увядзенне шаманізму ў прававое поле.

05214353.323060.7609.jpeg


Міжнародны шаманскі з’езд «Дух Мядзведзя», які прайшоў у Тыве, абраў вярхоўным шаманам Расіі чалавека з вельмі складаным імем — Кара-оол Дапчун-оол (ён, дарэчы, кіраўнік мясцовай рэлігійнай арганізацыі шаманаў). 

За дзеючага вярхоўнага шамана Рэспублікі Тыва прагаласавалі амаль аднагалосна. 

Шаманы, як кажа новы правадыр, маюць патрэбу ў лідары, які змог бы арганізаваць дыялог паміж традыцыямі розных народаў. Сярод мэтаў сходу была таксама выпрацоўка стратэгіі «прасоўвання шаманізму і аб’яднання шаманаў для вырашэння надзённых пытанняў». 

Але галоўная мэта аб’яднання — увядзенне шаманізму ў прававое поле. «Разумееце, цяпер мы нідзе. Нас ставяць у адзін шэраг з ведзьмакамі, экстрасэнсамі, чараўнікамі і гэтак далей, а гэта не так: шаман — гэта духоўная асоба», — скардзіцца галоўны шаман РФ. 

Цікава, што ў яго ёсць шаманы-канкурэнты, якія байкатавалі з’езд. На думку гэтай фракцыі, выбары галоўнага шамана і аб’яднанне шаманаў у адну структуру — гэта рудымент савецкіх часоў, калі ўсе формы грамадскай дзейнасці імкнуліся цэнтралізаваць і падпарадкаваць дзяржаве.

Паводле расійскай прэсы