Цень Незалежнасці
Будзем шчырымі: для Лукашэнкі беларуская незалежнасць асаблівай каштоўнасці не ўяўляла ніколі. Яна заўсёды калі не была, то разглядалася ў якасці разменнай манеты. І ён бы гэтую манету папросту размяняў — калі б яму было прапанавана нешта большае.
Заява Лукашэнкі падчас нарады ў Шклоўскім раёне пра тое, што «мы на фронце», і калі «не вытрымаем гэтыя гады, правалімся, — значыць, трэба будзе ці ў склад якойсьці дзяржавы ісці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі, а не дай Бог — развяжуць яшчэ вайну», нарабіла шмат вэрхалу. Над значэннем гэтых словаў чухаюць патыліцы шматлікія аналітыкі і палітолагі. Але цікава, як Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да такой высновы.
Будзем шчырымі: для Лукашэнкі беларуская незалежнасць асаблівай каштоўнасці не ўяўляла ніколі. Яна заўсёды калі не была, то разглядалася ў якасці разменнай манеты. І ён бы гэтую манету папросту размяняў — калі б яму было прапанавана нешта большае.
Ён ужо спрабаваў гэта зрабіць, ствараючы з Расіяй Саюзную дзяржаву ў 1999-м. Відавочна, што тады Аляксандр Рыгоравіч, прасоўваючы той праект, разлічваў заняць вышэйшае кіроўнае крэсла ў Крамлі. У параўнанні з гэтым ні пра якую незалежнасць Беларусі размова не ішла.
У той час, калі Лукашэнка піў гарэлку і біў келіхі, жадаючы поспеху праекту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, я меў шчасце сустрэцца з вядомай дысідэнткай Валерыяй Навадворскай. І ўжо тады яна казала: «Вы яшчэ пабачыце, як Аляксандр Рыгоравіч будзе ў партызанах змагацца за незалежнасць Беларусі».
Словы разумнай жанчыны спраўдзіліся даволі хутка. Ужо ў 2001 годзе новы кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін сказаў: «Мухі асобна, катлеты асобна», і прапанаваў увайсці ў склад Расіі шасцю абласцямі. Для Лукашэнкі гэта азначала не тое што адсутнасць здабытку, але і страту таго, што ён ужо мае. Незалежнасць раптам ператварылася ў каштоўнасць, а Саюзная дзяржава — у нейкае дасюль незразумелае ўтварэнне: ці то дзяржава, ці то саюз дзвюх дзяржаў, а часам, пры розных харчовых і нафтагазавых канфліктах — увогуле ў суперніка.
Таму ёсць вялікае пытанне ў тым, што зараз змусіла беларускага кіраўніка выказацца пра пагрозу незалежнасці краіны.
Праўда, эксперты, якія абсмоктваюць словы Лукашэнкі, больш аптымістычныя. Агульная думка: беларусы за чвэрць стагоддзя незалежнасці ўжо прызвычаіліся жыць у сваёй дзяржаве — хутчэй, насуперак ініцыятывам правадыра, чым дзякуючы ім. А таму лёгка «ўвайсці ў склад іншай дзяржавы» не атрымаецца — найперш, будуць супраць самі беларусы. Да таго ж зазначаецца, што прамова Аляксандра Рыгоравіча прагучала 22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І такім мудрагелістым чынам Лукашэнка проста нагадаў вертыкальшчыкам пра сумную дату. Ну і, канешне, гэтая неадназначная заява магла быць напамінам пра афіцыйны «дзень незалежнасці», які сам беларускі правадыр перанёс на 3 ліпеня.
І, безумоўна, узнікла абмеркаванне, якую іншую дзяржаву Лукашэнка меў на ўвазе, куды нам, не дай Бог, прыйдзецца ісці.
Большасць каментатараў лічыць, што гэта Расія. Гэта менавіта тая краіна, якая можа і паглынуць Беларусь, і «развязаць вайну, як ва Украіне». Але, ведаючы Аляксандра Рыгоравіча, варыянтаў больш, чым адзін. Бо калі мы самі «ідзем у склад якойсьці дзяржавы», маючы на ўвазе нашага «старэйшага брата», навошта яму «развязваць вайну, як ва Украіне»?
Гэта можа здарыцца толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка пад «іншай дзяржавай» разумеў зусім не нашага асноўнага стратэгічнага партнёра. З’едлівыя людзі на форумах прапануюць у чарговы раз перанесці дзень незалежнасці — на 4 ліпеня, і на гэтай падставе далучыцца да ЗША. Такім чынам, мы станем эксклавам Злучаных Штатаў, з якімі наўрад ці хто асмеліцца ваяваць.
Але больш цікава было б далучыцца, скажам, да Літвы.
Па-першае, мы ў такім выпадку аўтаматычна становімся сябрам ЕС, які такога фінту вушамі, зразумела, не чакае. Па-другое, гэтак жа аўтаматычна мы апынаемся ў складзе зоны еўра (у гэтым перавага Літвы перад, напрыклад, Польшчай). У выніку ЕС імгненна забывае пра міграцыйныя крызісы і пачынае дапамагаць Сінявокай прывесці яе эканоміку да еўразонаўскіх стандартаў — убухваць у яе шалёныя грошы, як калісьці ў Грэцыю. У сувязі са знікненнем краіны паўстане пытанне выплаты набраных ёю крэдытаў, але яно можа вырашацца дзесяцігоддзямі і скончыцца нічым, як гэта было з пазыкамі СССР.
Беларусы аўтаматычна атрымліваюць «бязвіз», паўнавартасны Балонскі працэс, NATO, Сусветную гандлёвую арганізацыю і безліч іншых цацак, з якімі будуць гуляцца доўга і зацята. У сваю чаргу, ЕС узгадвае словы Лукашэнкі пра тое, што аптымальнае насельніцтва Сінявокай — 30 мільёнаў чалавек. Еўрапейскае статыстычнае бюро Eurostat паведамляе, што за 2017 год ЕС прыняў каля паўмільёна ўцекачоў. Калі ўсіх іх накіроўваць у Беларусь, каб давесці лічбу насельніцтва да пажаданай беларускім кіраўніком, праблема мігрантаў вырашыцца на 40 гадоў мінімум. Усе ў плюсе.
Канешне, гэты праект фантастычны. Найперш, таму, што ў гэтым варыянце няма месца самому Аляксандру Лукашэнку. Таму ўсё ж застаецца пытанне, ці меў ён на ўвазе нешта канкрэтнае, кажучы пра пагрозу незалежнасці, альбо гэта было прамоўлена ў запале, як, часцей за ўсё, і бывае.