Падлетку ў Расіі далі два гады ўмоўна за выбіты зуб паліцэйскага падчас пратэстаў
Судовае разбіральніцтва над падлеткам — прыхільнікам Навальнага працягвалася амаль год, паведамляе «Радыё Свабода».
Дзяржынскі раённы суд Пецярбурга прысудзіў два гады пазбаўлення волі ўмоўна прыхільніку Навальнага Дзмітрыю Мякшыну, якога абвінавачвалі ва ўжыванні гвалту да супрацоўніка МУС на акцыі пратэсту 12 чэрвеня 2017 году, паведамляе Тэлеграм-канал Аб’яднанай прэс-службы судоў Пецярбурга.
Судовае разбіральніцтва над падлеткам працягвалася амаль год. Паводле версіі следства, 17-гадовы ўдзельнік акцыі ўдарыў паліцэйскага кулаком па твары і выбіў зуб.
Як распавядаў Мякшын, падчас мітынгу ён забраўся на ўзвышэнне, калі яго пачалі атачаць байцы АМАП. «Яны на мяне пабеглі, я саскочыў, мяне павалілі шэсць паліцэйскіх, і, мабыць, адзін зваліўся, спатыкнуўся, і ў яго зуб выпаў», — казаў тады Мякшын.
Усяго па краіне ў дзень пратэстаў былі затрыманыя 1721 чалавек (866 — у Маскве, 658 — у Пецярбургу, 197 — у астатніх расейскіх гарадах). Большасць з іх былі адпушчаныя ўжо да раніцы 13 чэрвеня.
Раней маскоўскі суд прысудзіў адзін год пазбаўлення волі ўмоўна 18-гадоваму Міхаілу Галяшкіну, які прызнаўся, што распыліў пярцовы балончык на акцыі пратэсту на Цвярской 12 чэрвеня летась.