Ірландыя. Бога дазволяць абражаць
Не паспелі абвясціць вынікі травеньскага рэферэндуму, які дазволіў у Ірландыі аборты, як прагрэсіўныя ірландцы моцна задумаліся наконт яшчэ адной папраўкі ў тэкст Канстытуцыі (яна была прынятая ў 1938 годзе).
На старонках ліберальнай «The Irish Times» заклікаюць выкрасліць з мясцовай Канстытуцыі параграф, які забараняе блюзнерства. За публічны здзек з Бога можна атрымаць да сямі гадоў катаргі або буйны штраф.
У прынцыпе, на архаічны закон даўно глядзелі скрозь пальцы, хаця перыядычна каталіцкая грамадскасць біла ў званы. Апошні раз такое здарылася ў 2015-м, калі Ірландыю наведаў вядомы брытанскі комік Стывен Фрай. Падчас шоў ён заявіў, што «Бог — гэта эгаіст і нават, магчыма, маньяк».
Адзін з мясцовых клерыкалаў вельмі абурыўся і падаў на брытанца ў суд. Следства цягнулася амаль два гады, і ў выніку справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства.
Каб не паўтараліся падобныя камічныя гісторыі, «The Irish Times» і прапануе змены ў Асноўным законе. Вернікам у якасці кампенсацыі абяцаюць прыняць просты закон, якія забараняе заклікі да рэлігійнай нянавісці.
Ужо нават агучана дата магчымага плебісцыту — кастрычнік гэтага года.
Паводле брытанскай прэсы