У нямецкім войску раскрылі змову неанацыстаў
Групоўка рыхтавала шэраг палітычных забойстваў.
У бундэсверы раскрылі групу з прыкладна 200 вайскоўцаў, якія рыхтавалі палітычныя забойствы. Як паведамляе нямецкае выданне Focus, расследаванне вядзе Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі Германіі. Пры ператрусах былі знойдзеныя арсеналы зброі і запасы паліва.
Па дадзеных Focus, у ліку людзей, на якіх планаваліся замахі, — лідар левых у бундэстагу Дзітмар Барч. Брытанскі таблоід The Daily Mail сцвярджае, што ў спісе таксама былі міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас, былы прэзідэнт Ёахім Гаўк і адна з лідарак «зялёных» Клаўдыя Рот.
Акрамя таго, планаваліся напады на лідараў аб'яднанняў імігрантаў. The Daily Mail называе ўдзельнікаў змовы неанацыстамі.
Як паведамляе Focus, змову ўдалося раскрыць у ходзе расследавання справы чалавека па імя Франка А. Відавочна, гаворка ідзе аб падазраваным, якога затрымалі ў красавіку 2018 года. Франка А. — афіцэр бундэсвера, яго падазраюць у падрыхтоўцы гвалтоўных злачынстваў на глебе расавай нянавісці.
Meduza.io