У мемарыяле «Быкіўнянскія магілы» ў Кіеве прайшлі беларускія Дзяды

Упершыню ў гісторыі Кіева 31 кастрычніка 2021 года адбылося шэсце і мітынг, прысвечаныя традыцыйным беларускім Дзядам, — «Дзяды-2021». Акцыю ў мемарыяле «Быкіўнянскія магілы» правёў Рух Салідарнасці «Разам».

251201178_1564993320505272_8049917911051988017_n.jpg

«Дзяды-2021» — пад такім транспарантам беларусы прайшлі шэсцем да крыжоў, усталяваных у памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Кіеве. Падчас кароткага мітынгу, які адбываўся ва ўкраінскай і польскай частцы мемарыяла, выступілі: лідары Руха Салідарнасці «Разам» Алена Талстая і Вячаслаў Сіўчык, навуковая супрацоўніца мемарыяльнага комплексу «Быкіўнянскія магілы» Наталля Амонс, прадстаўнік кіеўскага Беларускага размоўнага клуба Руслан Іванюк.


Пасля хвіліны маўчання па ахвярах камуністычных рэпрэсій удзельнікі акцыі запалілі знічкі і ўсклалі кветкі да крыжоў.
«Слава Украіне!», «Жыве Беларусь!», «Слава Нацыі!» — гэтыя лозунгі аб'ядноўвалі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства ў святым для кожнага ўкраінца месцы, — у Быкіўні.


Для ўкраінскіх удзельнікаў было цікава пачуць расповеды аб агульнанацыянальных выправах у Катынь, якія Рух Салідарнасці «Разам» праводзіў, пачынаючы з 2009 года, і шматлікіх акцыях у Беларусі, у тым ліку пра стварэнне ўнікальнага Нацыянальнага некропаля ў Курапатах, які паўстаў дзякуючы гераічным высілкам прадстаўнікоў беларускага грамадства ў жорсткім супрацьстаянні з сённяшнімі ўладамі Беларусі. Боль пра ахвяры ўкраінскай і беларускай нацый падчас камуністычных рэпрэсій у кожным слове прамоваў, якія гучалі на Дзядах у Кіеве, пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, працінаў сэрцы кожнага ўдзельніка акцыі.
Па заканчэнні акцыі ў Быкіўні прагучала малітва «Ойча наш» беларускай мовай.


Паводле прэс-службы Руха Салідарнасці «Разам» ва Украіне.