«Прыбіраем агульныя могілкі для нейкай агульнай дабрыні»

На гэтым тыдні хрысціяне адзначаюць Восеньскія Дзяды. На наступны дзень пасля святкавання Дня ўсіх Святых каталікі свету прысвячаюць дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў. У каталікоў Беларусі ёсць прыгожая традыцыя: кожны год моладзь архікатэдры збіраецца на Кальварыйскіх могілках, каб прыбраць іх да святаў.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas7_logo.jpg


Свята Дзяды вядомае нам яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Вось як піша ў 1822 годзе пра Дзяды Адам Міцкевіч у прадмове да аднайменнай паэмы: «У наш час, таму што асвечанае духавенства і ўлады намагаюцца выкараніць гэты звычай, звязаны з забабоннымі абрадамі, якія часцяком здаюцца заганнымі, — паспалiцтва тайна спраўляе Дзяды ў капліцах альбо пустых дамох паблізу могілак. Там ставіцца пачастунак з разнастайных страў, напояў, фруктаў, i выклікаюцца душы нябожчыкаў». Сёння Дзяды ў Беларусі цалкам пазбаўленыя паганскай афарбоўкі. Памерлых больш не чакаюць за сталом, поўным страў, але ўшаноўваюць іх памяць шчырай малітвай і наведваннем могілак.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas6_logo.jpg


На гэтым тыдні хрысціяне адзначаюць Восеньскія Дзяды. На наступны дзень пасля святкавання Дня ўсіх Святых каталікі свету прысвячаюць дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў. У каталікоў Беларусі ёсць прыгожая традыцыя: кожны год моладзь архікатэдры збіраецца на Кальварыйскіх могілках, каб прыбраць іх да святаў. Мы прыйшлі на могілкі, каб даведацца пра стаўленне сучасных маладых вернікаў да традыцыі святкаваць Дзяды і пра тое, чаму для іх істотна прыбіраць не толькі могілкі сваякоў, але і чужыя.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas16_logo.jpg


Ірэна
— Сёння мы прыйшлі сюды з моладдзю катэдральнай парафіі, каб прыбраць могілкі перад успамінам усіх памерлых вернікаў. Гэта традыцыя. Мы ўсе родам з розных гарадоў і вёсак Беларусі, у кожнага дзесьці ёсць могілкі, на якіх пахаваныя іх родныя, але калі туды перад Дзядамі магчымасці прыехаць няма, мы збіраемся тут, на Кальварыйскіх могілках. Тут вялізная тэрыторыя, самі могілкі вельмі старажытныя і запушчаныя, некаторыя магілкі ўжо няма каму даглядаць. Таму шмат гадоў запар мы прыходзім менавіта сюды, прыбіраем агульныя могілкі для нейкай агульнай дабрыні.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas5_logo.jpg


У каталіцкім касцёле 2 лістапада адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. Таму ў гэты дзень мы молімся за нашых дзядуляў, бабуль, узгадваем іх і спадзяёмся, што яны ўжо знаходзяцца ў Божым валадарстве і дзесьці там заступаюцца за нас. Захоўваць памяць пра продкаў вельмі істотна, гэта дае шмат моцы на жыццёвым шляху.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas13_logo.jpg


Мы з сям’ёй звычайна ў гэты дзень едзем на могілкі, каб памаліцца, паставіць знічкі, замаўляем імшу за нашых памерлых, каб у касцёле таксама за іх маліліся.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas18_logo.jpg


Варта адзначыць, што традыцыя святкаваць Дзяды — агульнабеларуская. У першыя гады незалежнасці нашай краіны 2 лістапада быў нават днём вольным ад працы. Зараз у гэты дзень праваслаўныя вернікі таксама ўзгадваюць продкаў і далучаюцца да малітвы за іх супакой, але галоўным восеньскім днём успаміну памерлых у праваслаўным веравызнанні з’яўляецца Змітраўская бацькоўская субота. У гэтым годзе яна прыйшлася на 6 лістапада.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas15_logo.jpg


Канстанцін
— Я выйшаў з праваслаўнай сям’і, разам з роднымі мы ніколі не адзначалі Дзяды. Хутчэй нешта падобнае было на Радаўніцу. Мая бабуля па мамінай лініі была каталічка. Але раней хрысціць у касцёле было цяжка, таму маю маму, як потым і мяне, хрысцілі ў царкве. Зараз я каталік. Родныя ставяцца да майго веравызнання добра, нават часам наведваюць са мной касцёл, гэта прыемна. А на Кальварыйскія могілкі мы з моладдзю парафіі прыходзім прыбіраць перад Дзядамі ўжо напрацягу некалькіх гадоў, гэта мой спосаб унесці свой уклад у дзень успаміну ўсіх памерлых.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg


Ксёндз Андрэй
— Мы сёння працуем тут з супольнасцю катэдры. З таго што да катэдры не належаць ніякія канкрэтныя могілкі, склалася традыцыя прыбіраць Кальварыйскія. З тых, хто тут сёння працуе, хіба ні ў каго няма сваякоў, якія б тут спачывалі. Але нам падаецца, што прыбіраць месцы, дзе людзі пахаваныя, — гэта добры жэст, хрысціянскі. Пэўны акт еднасці з памерлымі. У нашай краіне ёсць моцны культ памерлых. Часта сустракаемся з людзьмі, якія звычайна не ходзяць у касцёл, але часам прыходзяць у святыню менавіта каб памаліцца за нябожчыкаў. Думаю, гэта пэўная агульначалавечая патрэба. Чалавек разумее, што і ён памрэ, што жыццё часовае і трэба неяк унутрана рыхтавацца да вечнага жыцця.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg


Я з дзяцінства звык да таго, што, калі надыходзяць Дзяды, трэба ехаць на могілкі, прыбіраць месцы, дзе спачываюць сваякі, маліцца за іх. Калі я быў маленькім, самае цікавае было ў тым, што на могілках заўсёды ёсць шанец даведацца пра памерлых сваякоў нешта новае, цікавае, дарослыя шмат пра іх распавядалі. Так і адбываецца знаёмства са сваім родам.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas10_logo.jpg


У сераду, 3 лістапада, а 19.30 парафіяне архікатэдры запрашаюць усіх ахвотных на Кальварыйскія могілкі, каб разам памаліцца за памерлых.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева