У Японіі ўшанавалі памяць ахвяраў Фукусімы

У Японіі ўспомнілі хвілінай маўчання каля 18,5 тысячы ахвяраў землятрусу, цунамі і аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1". Праз сем гадоў пасля трагедыі дзясяткі тысяч людзей усё яшчэ не могуць вярнуцца дадому.

37902265_303.jpg


У Японіі ў нядзелю, 11 сакавіка, ушаноўваюць памяць ахвяраў землятрусу, цунамі і аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1". У 14:46 — у той час, калі пачалася трагедыя сем гадоў таму, — краіна ўспомніла хвілінай маўчання каля 18.5 тысячы загінулых 11 сакавіка 2011 года.
Як піша DW, мемарыяльныя службы былі праведзены ў Токіо і ў рэгіёне Фукусіма. Жыхары сабраліся ўздоўж ўзбярэжжа, каб ушанаваць загінулых. Прэм'ер-міністр краіны Сіндзо Абэ падчас мемарыяльнай цырымоніі заявіў, што рэканструкцыя разбуранага падчас землятрусу жылля адбываецца хуткімі тэмпамі, але шмат людзей усё яшчэ застаюцца перасяленцамі.
У той жа час, як паведамляе Reuters, у Тайбэі дэманстранты правялі акцыю пратэсту супраць ядзернай энергетыкі ў Японіі ў дзень 7-й гадавіны ядзернай катастрофы ў Фукусіме.

1520771028_9388.jpeg


Сем гадоў таму разбуральны землятрус магнітудай 9 балаў і цунамі прывялі да прыпынку сістэм астуджэння на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1". З прычыны гэтага расплавіліся некалькі ядраў рэактараў, на станцыі адбылося некалькі выбухаў і буйная ўцечка радыяцыі ў атмасферу. Аварыю на "Фукусіме-1" называюць найбуйнейшым атамным інцыдэнтам з часоў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасля яе больш за 120 тысяч людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў забруджанай мясцовасці. Па дадзеных агенцтва, дзясяткі тысяч людзей да гэтага часу жывуць у часовым жыллі, а амаль 50 тысяч не могуць вярнуцца дадому. З часу трагедыі памерла больш за 3500 пацярпелых.
Паводле unian.net