У Іране абмежавалі доступ да Instagram і Telegram, улады пагражаюць дэманстрантам
У Іране абмежаваны доступ да папулярных прыкладанняў для абмену фатаграфіямі і паведамленнямі на мабільных тэлефонах — Instagram і Telegram. Пра гэта паведамляюць іранскія СМІ ў нядзелю, пасля трох дзён пратэстаў у многіх гарадах краіны, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле паведамленьняў інфармацыйнага агенцтва ISNA і іншых сродкаў масавай інфармацыі, упачатку дня ў нядзелю быў абмежаваны доступ да Telegram, які ўрад Ірану абвінаваціў у тым, што яго выкарыстоўваюць для распальваньня гвалту падчас пратэстаў. Міністр сувязі Ірану Мухамад-Джавад Азары Джахрамі абвінаваціў Telegram , што ён «контррэвалюцыйны» і заахвочвае «выкарыстаньне кактэйляў Молатава, збройны чын і сацыяльныя беспарадкі».
Генеральны дырэктар Telegram Павел Дураў пацвердзіў блакаванне каналу.
Улады Ірану ў нядзелю папярэдзілі пра магчымыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў дэманстрацый, якія сталі адной з самых сур’ёзных праблем як для ўраду, гэтак і для клерыкальнага кіраўніцтва з часоў Іранскай рэвалюцыі 1979 году. Дзясяткі тысяч іранцаў пратэстуюць па ўсёй краіне з чацвярга супраць кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі і супраць знешняй палітыкі Ірану. Пратэстоўцы таксама скандавалі лозунгі ў падтрымку палітычных зняволеных. Падчас дэманстрацый два чалавекі былі забітыя і дзесяткі арыштаваныя.
Першапачаткова дэманстранты выказвалі абурэнне з нагоды эканамічных цяжкасцяў і карупцыі, але затым сталі патрабаваць адстаўкі вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Алі Хаменэі. На відэа, размешчаных у сацыяльных сетках, чуваць, што людзі скандуюць: «Мулы, майце сорам, пакіньце краіну ў спакоі!» Дэманстранты таксама выкрыквалі: «Няхай жыве Рэза Шах!»
Такія заклікі сведчаць аб беспрэцэдэнтным узроўні гневу і парушаюць даўнія табу, устаноўленыя ў краіне. Дынастыя шахаў Пэхлеві кіравала Іранам з 1925 году і была зрынутая ў выніку рэвалюцыі ў 1979 годзе, калі лідэрам Ісламскай Рэспублікі стаў аятала Рухала Хамэйні.