Турысты пакінулі ў Варшаве амаль 4 мільярды долараў
Унёсак турызму ў ВУП Варшавы ў мінулым годзе склаў амаль 4 мільярды долараў, паведаміла Сталічнае бюро турызму.
Варшава з’яўляецца першым горадам у Польшчы, які зрабіў такія падлікі.
У мінулым годзе Варшаву наведала 9 мільёнаў 600 тысяч турыстаў, у тым ліку 2,7 мільёны замежных турыстаў. Агульная колькасць турыстаў разам з тымі, якія не начавалі, перавысіла 20 мільёнаў.
Сярод замежнікаў самай шматлікай групай былі брытанцы (12%), немцы (11%) і французы (7%). Сярэдняя сума, выдаткаваная падчас знаходжання ў сталіцы склала 185 долараў (739 злотых). Айчынныя турысты пакінулі ў сярэднім 100 долараў (402 злотых), у той час як замежныя — у тры разы больш, 370 долараў (1482 злотых).
Уклад турызму ў ВУП сталіцы ў 2016 годзе склаў 3 млрд 875 мільёнаў долараў (15,4 млрд злотых), а занятасць у турыстычнай галіне перавысіла 70 тысяч чалавек.
У дзесяцібальнай шкале турысты ацанілі прывабнасць Варшавы на 8,18. Станоўчыя ўражанні турыстаў далі цікавыя месцы і помнікі. Наведвальнікі таксама высока ацанілі добрую гастраномію.
Па словах польскіх наведвальнікаў, у Варшаве ім найцікавей было ў Музеі Варшаўскага паўстання, у Старым горадзе і Каралеўскім парку Лазенкі. У сваю чаргу, большасць замежнікаў на першае месца ставілі Стары горад, Палац культуры і навукі і Музей гісторыі польскіх габрэяў Полін.