Трамп распавёў пра «выдатны» ліст ад Уладзіміра Пуціна
Дональд Трамп заявіў, што ў хуткім часе плануе правесці тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі. А раней казаў, што адносіны з Расіяй палепшацца ў выпадку яго перамогі на выбарах.
У інтэрв'ю газеце “Wall Street Journal” Трамп паведаміў, што атрымаў "выдатны" ліст ад Уладзіміра Пуціна, і дадаў, што бліжэйшым часам у іх запланавана тэлефонная размова.
Пуцін накіраваў віншавальную тэлеграму Трампу раніцай 9 лістапада, калі сталі вядомыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.
Як паведамляў Крэмль, у пасланні расійскі прэзідэнт "выказаў надзею на сумесную працу па вывядзенні расійска-амерыканскіх адносін з крызіснага стану, а таксама па вырашэнні актуальных пытанняў міжнароднай павесткі дня і пошуку эфектыўных адказаў на выклікі глабальнай бяспекі".
У той жа дзень прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у размове з журналістамі паведаміў, што прэзідэнт Расіі не плануе ніякіх кантактаў з рэспубліканцам Дональдам Трампам да яго афіцыйнага ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы.
На наступны дзень Пяскоў заявіў, што расійскія ўлады пакуль працягваюць працаваць з дзеючай амерыканскай адміністрацыяй, а ад новага прэзідэнта чакаюць канструктыўных сігналаў. "Рознагалоссі паміж Масквой і Вашынгтонам непазбежныя. Але галоўнае — наяўнасць палітычнай волі і жадання вырашаць усе праблемы шляхам дыялогу", — сказаў Пяскоў.
У ходзе перадвыбарчай кампаніі Дональд Трамп прадказваў, што адносіны з Расіяй палепшацца ў выпадку яго перамогі. У ліпені 2015 года, калі Трамп абвясціў пра намер вылучыцца на пасаду прэзідэнта, ён сказаў: "Я думаю, што буду выдатна ладзіць з Уладзімірам Пуціным".
Паводле ВВС