Швецыя адмяняе амаль усе антыкавідныя абмежаванні
Улады патлумачылі гэты крок высокім узроўнем вакцынацыі насельніцтва ў краіне. Непрышчэпленым рэкамендуецца захоўваць дыстанцыю і пазбягаць шматлюдных мерапрыемстваў.
Швецыя з серады, 29 верасня, адмяняе амаль усе абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, паведаміў шведскі тэлеканал SVT. Сярод іншага, адмяняюцца абмежаванні на колькасць удзельнікаў грамадскіх і прыватных мерапрыемстваў, перастае дзейнічаць рэкамендацыя працаваць аддалена.
Пры гэтым тым, у каго ёсць сімптомы захворвання, рэкамендуецца заставацца дома і правярацца на каронавірус. Людзям, якія не прайшлі поўную вакцынацыю, раяць захоўваць дыстанцыю і пазбягаць шматлюдных мерапрыемстваў.
«Усё, што робіцца цяпер, заснавана на тым, што ў Швецыі высокі ўзровень вакцынацыі. Каб мы адчувалі сябе ў бяспецы, яна павінна быць яшчэ вышэйшай. Калі вы яшчэ не вакцынаваныя, то самы час зрабіць гэта цяпер», — заявіў галоўны дзяржаўны эпідэміёлаг Швецыі Андэрс Тэгнел.
Паводле даных «Агенцтва грамадскай аховы здароўя Швецыі», 83,6% жыхароў краіны атрымалі як мінімум адну дозу вакцыны ад каронавіруса, 76,5% прышчэпленыя цалкам. Усяго ў Швецыі з пачатку пандэміі было выяўлена 1 151 173 выпадкі каронавіруса, ад наступстваў заражэння памерлі 14 850 чалавек.
Яшчэ 25 верасня большасць антыкаронавірусных абмежаванняў адмяніла Нарвегія. «Як грамадства мы павінны вучыцца жыць з вірусам. Таму важна, каб тыя, хто не быў вакцынаваны, зрабілі гэта», — заявіла прэм'ер-міністарка краіны Эрна Сульберг.
Улады Даніі адмянілі ўсе каронавірусныя абмежаванні з 10 верасня. Урад заявіў, што больш не лічыць SARS-CoV-2 небяспечнай для грамадства інфекцыяй.
Паводле dw.com