Süddeutsche Zeitung: Калі людзей аб'яўляюць зброяй

Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў супраць ЕС. Канфідэнцыйны дакумент нямецкага ўрада папярэджваў пра падобныя метады ўжо вясной.

pic2_2.png


«Як назваць тое, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка творыць цяпер на ўсходняй мяжы ЕС? Гэта працягваецца ўжо некалькі тыдняў: сілы бяспекі дыктатара мэтанакіравана перапраўляюць тысячы ўцекачоў, каб тыя маглі праз Польшчу адправіцца, сярод іншых краін, і ў Германію. У федэральных землях Германіі, што перажываюць наплыў мігрантаў, чуюцца рэзкія заявы. У сераду міністр унутраных спраў Брандэнбурга Міхаэль Шцубген (ХДС) заявіў пра "гібрыдную вайну". Лукашэнка, паводле яго слоў, выкарыстоўвае людзей, якія шукаюць прытулку, "як зброю" супраць ЕС. Гэта жорсткі тон. Пры гэтым ясна, што нічога незаконнага не адбываецца. Тое, што робіць Лукашэнка, не парушае міжнароднае права», — адзначаюць журналісты Süddeutsche Zeitung Георг Маскала і Ронен Штайнке.

«І ў гэтым і заключаецца загваздка дадзенай сітуацыі. Група экспертаў федэральнага ўрада ўжо некалькі месяцаў займаецца гэтай растучай праблемай: "Цэнтр стратэгіі, аналізу і ўстойлівасці" (SAR), у які ўваходзяць не толькі МУС, але і Міністэрства замежных спраў і абароны, вывучае тое, што эксперты называюць "нелегітымным замежным уплывам", "гібрыднай" пагрозай — на ўвазе маецца палітычная дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў "шэрай" зоне, якая не парушае закон, але з'яўляецца неправамернай. Такая дзейнасць закліканая прычыніць шкоду Германіі — але нетрадыцыйным спосабам. Беларускі дыктатар Лукашэнка, згодна з аналізу, помсціць за санкцыі ЕС супраць яго рэжыму».

«Ужо вясной чальцы групы SAR — агулам іх каля дзясятка — даволі дакладна апісалі тактыку Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў іх 19-старонкавай канфідэнцыйнай справаздачы за красавік. Паводле інфармацыі Süddeutsche Zeitung, тэлерадыёкампаній NDR і WDR, у справаздачы гаворыцца, што замежныя дзяржавы імкнуцца да "мэтанакіраванага кантролю над міграцыйнымі патокамі". Міграцыя збольшага выкарыстоўваецца такімі дзяржавамі ў якасці "козыру для перамоваў". Каб узмацніць ціск на Нямеччыну, "міграцыйныя патокі спецыяльна накіроўваюцца на пэўны ўчастак мяжы ЕС», — піша выданне.

«Выкарыстанне мігрантаў пакуль з'яўляецца "вельмі рэдкай з'явай", гаворыцца ў аналітычным дакуменце. Але такія прыклады ўжо былі ў мінулым. (...) Так, і Расея некалькі гадоў таму спецыяльна распаўсюдзіла сярод чачэнцаў слых аб тым, што Нямеччына плаціць уцекачам вітальныя грошы».

«Зрэшты, у Брандэнбургу Андрэа Ёлізе, чалец парламента ад левай партыі, у сераду запярэчыла міністру ўнутраных спраў з нагоды ягоных абвінавачанняў у вядзенні "гібрыднай вайны", — адзначае Süddeutsche Zeitung. — Такія словы, на яе думку, выклікаюць непатрэбныя і ілжывыя асацыяцыі. "Гэта асацыюецца з вайной. Мы не на вайне", — падкрэсліла яна. "Калі людзей, якія шукаюць абароны, таўруюць як зброю ў гібрыднай вайне, гэта пазбаўляе чалавечага аблічча і апраўдвае надзвычайнае становішча і надзвычайныя меры", — раскрытыкавала палітык».

Паводле inopressa.ru, пераклад «НЧ».