Справа Асанжа. Дасье ў карыкатурах
У Англіі выдадзены ордэр на экстрадыцыю ў ЗША заснавальніка сайта і арганізацыі WikiLeaks Джуліяна Асанжа. Чаму гэта навіна ў топе, дапамогуць зразумець працы карыкатурыстаў.
Варта нагадаць, што Джуліян Асанж нарадзіўся ў Аўстраліі ў 1971 годзе ў сям'і артыстаў. Рана захапіўся праграмаваннем. У 2006 годзе разам з аднадумцамі заснаваў сайт WikiLeaks. Па іх задуме, сайт мусіў стаць своеасаблівай паштовай скрыняй, куды патэнцыйныя інфарматары будуць накіроўваць свае матэрыялы з кампраматам на службоўцаў. Графічна прынцып працы праекта прадставіў адзін з мастакоў.
На сайце публікаваліся матэрыялы з розных краін, аднак сусветную вядомасць ён атрымаў толькі ў красавіку 2010 года, калі на ім з'явіліся сакрэтныя матэрыялы пра гібель мірных жыхароў у Іраку ў 2007 годзе ў выніку абстрэлу іракцаў верталётамі арміі ЗША. Выявы, растыражаваныя сродкамі масавай інфармацыі ўсяго свету, выклікалі ў многіх шок. У тым ліку і сярод карыкатурыстаў, якія звярталі ўвагу на тое, што бамбардзіроўкі мірных людзей выклікаюць рост рэлігійнага экстрэмізму.
Пасля публікацыі гэтых дакументаў WikiLeaks сутыкнуўся з сур'ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі, паколькі шэраг фінансавых устаноў ЗША паспрабаваў блакаваць паступленне ахвяраванняў на рахункі арганізацыі. Лічыцца, што паляванне на Асанжа ўзначаліла тагачасны дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.
Потым падзеі набылі дынамічны характар. У жніўні 2010 года шведская пракуратура абвінаваціла Асанжа ў згвалтаванні дзвюх шведак. Першапачатковае расследаванне было амаль адразу ж спынена, але потым справу аднавілі. Асанж тады заявіў, што абвінавачанні ў яго адрас з'яўляюцца паклёпніцкімі і прадыктаваны палітычнымі меркаваннямі. Многія з гэтым пагаджаліся, у тым ліку і мастакі.
Але праблемы не скончыліся. 7 снежня 2010 года Асанж быў арыштаваны лонданскай паліцыяй і выпушчаны пад заклад. Каб не рызыкаваць, ён схаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лондане. На працягу наступных сямі гадоў Асанж не выходзіў за межы пасольства, размаўляючы са знешнім светам па інтэрнэце і зрэдку прымаючы наведвальнікаў. Малюнкі з Асанжам, які хаваецца ад правасуддзя ў амбасадзе, былі вельмі папулярнымі.
Зняволенне ў пасольстве скончылася ў 2019-м, але наўрад ці на радасць заснавальніка праекта WikiLeaks. Да ўлады ў Эквадоры прыйшоў правы ўрад. Эквадорскім дыпламатам у Лондане было загадана выставіць Асанжа за дзверы. Адначасова ЗША запатрабавалі яго экстрадыцыі. У Штатах, дарэчы, яму пагражае прысуд на тэрмін да 175 гадоў турмы за злачынства, звязанае з раскрыццём звестак пад грыфам «сакрэтна», у выніку чаго пад пагрозу былі пастаўлены жыцці амерыканскіх вайскоўцаў.
Многія патрыёты ў ЗША сапраўды прагнуць расправы над Джуліянам, якога падазраюць у супрацоўніцтве з разведкай Расіі. Жаданне пакараць заснавальніка WikiLeaks знаходзіць адлюстраванне ў адпаведных карыкатурах.
У студзені 2021 года Брытанія адмовіла ЗША ў экстрадыцыі Асанжа. Аднак праз год, 20 красавіка 2022, лонданскі суд выдаў ордэр на экстрадыцыю. Праўда, Асанж можа яшчэ падаць апеляцыю ў больш высокі суд. Толькі ў выпадку пройгрышу там ён апынецца ў ЗША.
Аднак не выключана, што ўсё будзе вырашацца кулуарна, на ўзроўні ўрада. За гэты час Джуліян стаў гуру для шматлікіх журналістаў, якія займаюцца расследаваннем злачынстваў урадаў. Многія лічаць Асанжа заснавальнікам новага журналісцкага жанру, які прымусіць урады не хаваць свае сакрэты ад грамадства. Невыпадкова Джуліана часта малююць як святога. Так што выдаць Асанжа ці пасадзіць яго на 175 год будзе не проста.