Спецслужбы Польшчы не пацвярджаюць смерць аднагадовага дзіцяці на польска-беларускай мяжы

18 лістапада ў польскіх СМІ з'явілася інфармацыя пра смерць аднагадовага дзіцяці ў лесе на польска-беларускай мяжы. Аднак медыцынскія службы, якія прысутнічаюць на месцы, на гэты момант не пацвярджаюць гэтую інфармацыю, піша «Свабода».

3_10_3_1.jpg


Таксама выпадак пракаментавалі супрацоўнікі паліцыі і памежнай службы Польшчы.
Учора ратавальнікі «Польскага цэнтра міжнароднай дапамогі» паведамілі, што ўначы яны дапамаглі траім мігрантам, у тым ліку сірыйскай пары, якіх знайшлі ў цяжкім стане ў лесе.
«Іх дзіця, якому быў адзін год, памерла ў лесе», — паведамлялі ратавальнікі, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад сужэнцаў.


Пазней ратавальнікі «Польскага цэнтра міжнароднай дапамогі» вырашылі ўдакладніць, што смерць дзіцяці адбылася каля месяца таму. З самой парай кантакту на гэты момант няма, паведамляе польскі партал Onet.pl
Прадстаўніца ПЦМД, падкрэсліла, што яны не правяраюць такога кшталту інфармацыю.
«Інфармацыя з'явілася падчас усплёску эмоцый гэтай жанчыны. Падрабязнасцей мы не пыталіся. Гэтым людзям мы аказвалі найперш медыцынскую дапамогу. Яны не патрабавалі шпіталізацыі і засталіся там, дзе мы іх знайшлі, — сказала Аляксандра Руткоўская, прэс-сакратарка ратавальнікаў ПЦМД.
Прэс-сакратар паліцыі Падляшша Томаш Крупа падкрэсліў, што ані паліцыі, ані пракуратуры не вядомыя ні месца, ні час, ні абставіны смерці дзіцяці.
«Можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра беларускі бок, таму што месяц таму ў СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што такая сітуацыя мела месца ў Беларусі, так што, магчыма, гэта і мелася на ўвазе», — сказаў ён.
Польская памежная служба паведаміла, што таксама нічога не ведае пра гэтую сітуацыю.
«Мы такіх людзей не затрымлівалі. Мы патэлефанавалі ў памежныя шпіталі, бо думалі, што ратавальнікі даставілі гэтых людзей у шпіталь. Мы хацелі гэта ўдакладніць. Але нікога падобнага не знайшлі», — падкрэсліла прэс-сакратарка памежнай службы Польшчы Ганна Міхальска.