«Ні каліва чалавечнасці». Што распавядаюць мігранты, якія вярнуліся ў Ірак

Пасля вяртання ў Ірак на эвакуацыйным рэйсе «Iraqi Airways», былыя мігранты расказалі «SkyNews» пра тое, як з імі абыходзіліся на беларуска-польскай мяжы, піша «Наша Ніва»

Фота са старонкі iraqi.airways

Фота са старонкі iraqi.airways

Учора міністэрства замежных спраў Ірака арганізавала першы бясплатны рэйс па эвакуацыі сваіх грамадзян. Каля 430 чалавек зарэгістраваліся на гэты рэйс «Iraqi Airways». 390 з іх прыляцелі ў Эрбіль, сталіцу Курдыстана, аўтаномнага рэгіёна ў Іраку. Пасля вяртання людзі далі першыя інтэрв'ю з Ірака пра свой беларускі досвед.
Жанчына з дзіцём на руках кажа, што яе сям’я правяла 20 дзён на мяжы — за час усяго падарожжа яны разам патрацілі 25 тысяч долараў. Яна дадае, што кантрабандысты абяцалі добрае жыццё на Захадзе — але гэта ўсё хлусня.
Старэйшая кабета дадае, што з імі абыходзіліся так, нібы яны не людзі: на іх пускалі газ, іх палівалі вадой.
Мужчыны кажуць, што імі гуляліся абодва бакі, нібы яны нейкі футбольны мячык.
«Ні каліва чалавечнасці», — скардзіцца адзін з рэпатрыянтаў.
Адметна, што былыя мігранты гавораць агулам пра беларускі і польскі бок, вінавацячы без разбору і тых, і тых.
Ці будуць яшчэ такія рэйсы, дакладна невядома. МЗС Ірака кажа, што яны працягваюць рэгістраваць ахвочых вярнуцца. Але з інтэрв'ю мігрантаў замежным выданням становіцца відавочна, што многія людзі настроеныя не вяртацца ў Ірак ні ў якім разе.