СМІ: Экс-прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ можа ўзначаліць NATO
Адразу тры жанчыны з'яўляюцца найбольш перспектыўнымі кандыдатамі на пасаду генеральнага сакратара «Паўночнаатлантычнага альянса».
Як піша «Politico», пошукі новага лідара NATO ўжо пачаліся. Паводле звестак партала, сярод магчымых кандыдатаў на гэтую пасаду — экс-прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ, дзеючыя прэзідэнткі Эстоніі і Харватыі Керста Кальюлайд і Калінда Грабар-Кітаравіч, перадаюць naviny.online.
Кадэнцыя дзеючага кіраўніка альянса Енса Столтэнберга завяршаецца ў верасні наступнага года.
Афіцыйныя дыскусіі па пытанні магчымага кандыдата на старшыню ў NATO яшчэ толькі пачаліся. Чакаецца, што кандыдат будзе прадстаўлены ў канцы вясны ці ў пачатку лета на саміце NATO, які пройдзе ў Мадрыдзе.
Аднак крыніцы партала адзначаюць, што на сёння добрыя перспектывы заняць крэсла генеральнага сакратара маюць менавіта Грыбаўскайтэ, Кальюлайд і Грабар-Кітаравіч.
Даля Грыбаўскайтэ ў жніўні 2020-га адной з першых выступіла за вельмі жорсткі адказ на факты катаванняў і збіцця ў Беларусі. «Свет больш не можа весці падвойную гульню з рэжымам Лукашэнкі, яго трэба палітычна і дыпламатычна ізаляваць», — заявіла экс-прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ 23 жніўня падчас удзелу ў акцыі салідарнасці з беларусамі «Шлях свабоды» ў памежным пункце Мядзінінкай.