Сепаратысты з усяго свету ладзяць злёт у Маскве
Звязаны з Крамлём Антыглабалісцкі рух Расіі ў бліжэйшыя выходныя ладзіць у Маскве злёт пад лозунгам «Дыялог народаў. Права нацыі на самавызначэнне».
Спіс гасцей форума, які абдудзецца 20 верасня у Прэзідэнт-гатэлі, трымаюць у таямніцы.
Паводле журналістаў радыёстанцыі «Эхо Москвы» ў сустрэчы будуць удзельнічаць, між іншым, сепаратысты з Ірландыі, Пуэрта-Рыка, Каталоніі, Гаваяў і Заходняй Сахары. Хутчэй за ўсё, у расейскую сталіцу прыедуць таксама госці з Паўднёвай Асеціі, Абхазіі і Прыднястроўя.
Замежным гасцям гатовыя аплаціць выдаткі на пералёт, трансфер з аэрапорта і пражыванне ў Маскве. Арганізатары кажуць, што «антыглабалісцкіх рух Расіі» фінансуецца з добраахвотніцкіх ахвяраванняў і ўрадавых грантаў. Рух рэгулярна ўдзельнічае ў конкурсах Нацыянальнага дабрачыннага фонду, заснаванага 15 гадоў таму па ініцыятыве Уладзіміра Пуціна.
На арганізацыю злёту рух антыглабалістаў атрымаў урадавы грант у памеры двух мільёнаў рублёў.