Самыя славутыя спікеры палаты прадстаўнікоў ЗША: Дасье ў карыкатурах
Абранне новага кіраўніка ніжняй палаты парламента ЗША — някепская нагода прыгадаць самых славутых спікераў у гісторыі амерыканскага парламентарызму.
- Першае месца ў рэйтынгу, які, дарэчы, склала выданне New York Times, займае Джозэф Герні Кэнан (Joseph Gurney Cannon), рэспубліканец ад Ілінойса.
Кэнан быў спікерам Палаты прадстаўнікоў з 1904 да 1911 год, калі краінай кіравалі прэзідэнты Тэадор Рузвельт і Уільям Говард Тафт.
Кэнан праславіўся тым, што пры ім спікер канчаткова перастаў быць фігурай, якія выконвае ў парламенце выключна тэхнічную функцыю наглядальніка за тым, каб дэбаты адбываліся паводле правіл.
Ён устанавіў форменны кантроль над дэпутатамі, за што атрымаў у прэсе мянушку «Цар Гармата». Спалучаючы нагляд за старшынёй Камітэта па рэгламенце з паўнамоцтвамі спікера, ён фактычна меў поўны кантроль над парадкам дня і ходам дэбатаў у Палаце. Нядзіўна, што адно з сучасных выданняў адлюстравала палітыка ў выглядзе султана.
- На другім месцы Сэм Рэйберн (Sam Rayburn), дэмакрат ад Тэхаса, які выконваў функцыі спікера падчас прэзідэнцтва Эйзенхаўэра і Кенэдзі.
Рэйберн з'яўляецца рэкардсменам па працягласці знаходжання на пасадзе спікера Палаты прадстаўнікоў. Ён займаў гэтую пасаду 17 гадоў. Маючы за плячыма такі аўтарытэт і досвед кулуарных перамоваў, з часам Рэйберн пачаў уплываць на выканаўчую ўладу аж да таго, што адыграў важную ролю ва ўзыходжанні Ліндана Джонсана на пасаду прэзідэнта.
Акрамя таго Сэм Рэйберн праславіўся тым, што з'яўляўся на публіцы ў гарнітуры тэхаскага каўбоя. Нядзіўна, што мастакі яго любілі маляваць менавіта як каўбоя.
- "Бронза" — у Томаса О'Ніла (Thomas P. O’Neill Jr), дэмакрата з Масачусэтса, які быў спікерам з 1977-га да 1987-га.
На гэты час прыходзяцца прэзідэнцкія кадэнцыі Джэральд Форда, Джымі Картэра і Рональда Рэйгана. Менавіта з апошнім Томас О'Ніл часцей за ўсё пікіраваўся падчас дэбатаў у парламенце.
Спікер стаў вядучым антаганістам кансерватыўнай сацыяльнай палітыкі прэзідэнта Рэйгана, але ў выніку такі дыспут дазволіў наладзіць эфектыўны заканадаўчы працэс.
Акрамя таго без згоды О'Ніла ці наўрад ЗША так маштабна падтрымлівалі афганскі супраціў інтэрвенцыі СССР.
У любым выпадку, супрацьстаянне прэзідэнта і спікера асвятлілася ў медыя, у тым ліку карыкатуры. На гэтым малюнку Рэйган робіць спікеру аперацыю, выкарыстоўваючы рэцэпты ліберальнай эканомікі.
- Чацвёртае месца займае Ньют Гінгрыч (Newt Gingrich), рэспубліканец ад Джорджыі.
Гінгрыч быў спікерам Палаты прадстаўнікоў пры прэзідэнце Біле Клінтан, які меў імідж лева-ліберальнага рэфарміста. Нядзіўна, што Гінгрыч крытыкаваў яго з правых пазіцый. Аднак крытыкуючы гаранта, спікер пайшоў яшчэ далей.
Фактычна Гінгрыч зрабіў сапраўдную рэвалюцыю — цэнтралізаваў не толькі ўладу над дэпутатамі, як гэта рабілі некаторыя з яго папярэднікаў, але таксама стаў вядучым стваральнікам амерыканскай кансерватыўнай думкі.
На адным з тагачасных малюнкаў Ньют Гінгрыч кіруе правым электаратам як сабачай зграяй.
- Нарэшце, пяцёрку самых спікераў закрывае Нэнсі Пелосі (Nancy Pelosi), якая трапіла ў парламент як кандыдат дэмакратычнай партыі.
Нэнсі Пелосі, калі была спікерам (2007-2011 і 2019-2023), праславілася не толькі тым, што стала першай у гісторыі США жанчынай-спікерам.
Яна адкрыта крытыкавала вайну ў Іраку, пралабіравала сацыяльна прагрэсіўную медыцынскую рэформу, змагалася за абмежаванне выкарыстання зброі. Нарэшце, Пелосі стала адным з галоўных крытыкаў Дональда Трампа, што знайшло адлюстраванне ў карыкатурах.
- Між тым 24 кастрычніка Палата прадстаўнікоў, дзе дамінуюць рэспубліканцы, выбрала новага спікера. Ім стаў рэспубліканец Майк Джонсан. Паглядзім, ці зможа ён увайсці ў спіс самых славутых спікераў у гісторыі ЗША. Пакуль што мастакі выяўляюць новага спікера як марыянетку Дональда Трампа.