Рэальная палітыка па-іранску

Як іранская апазіцыя ставіцца да дамоўленасцяў у Лазане, следствам якіх будзе выхад Тэгерана з рэжыму ізаляцыі?



dt_common_streams_streamserver.jpg

Ці ўпадуць кошты на нафту, калі на рынку з’явіцца іранская нафта? Ці пойдзе газ з Ірана ў Еўропу, падрываючы такім чынам пазіцыі Масквы ў рэгіёне? Наколькі легітымізацыя Тэгерану ў вачах Захаду дазволіць іранцам больш актыўна браць пад кантроль шыіцкія правінцыі Іраку, якія ахоплены хаосам грамадзянскай вайны? Хто з краін СНД найбольш скарыстаецца адкрыццём іранскага рынку? 

Гэта далёка не поўны спіс пытанняў, вакол якіх на старонках СМІ пачаліся дэбаты, пасля таго як ў Швейцарыі было дасягнута гістарычнае рашэнне — іранскі бок адмаўляецца ад атамнай праграмы, знішчае абсталяванне для вытворчасці плутонію, а ўсё створанае раней ядзернае паліва будзе перададзена іншай краіне. У сваю чаргу, партнёры па перамовах — ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія, Францыя і Германія — пагадзіліся паступова зняць рэжым гандлёвага і эканамічнага эмбарга.

Трэба прызнаць, што ў масе пералічаных пытанняў, як правіла, макраэканамічнага і геапалітычнага характару, згубілася, напэўна, адно з самых важных — як Лазана паўплывае на стан дэмакратыі ў Іране, і ў тым ліку на перспектывы апазіцыі?

Як вядома, найбольш буйныя цэнтры праціўнікаў рэжыму аятолаў у цяперашні час знаходзяцца за мяжой, дзе яны паўставалі па ходу таго, як аятолы выціскалі сваіх апанентаў з краіны. Першымі былі манархісты, пасля да іх падцягнуліся лібералы, сацыял-дэмакраты і камуністы. Апошнімі былі ўжо самі ісламісты, якія з-за розных прычын не знайшлі агульную мову з Алі Хаменеі. На цяперашні момант у дыяспары ёсць не толькі партыі, прэса і інстытуты, аднак і тэлевізійныя каналы. Цяжка сабе ўявіць, аднак паводле нямецкага агенцтва Deutsche Welle, з-за мяжы на Іран вядуць вяшчанне каля трох тысяч каналаў. Натуральна, іранцам іх можна глядзець толькі праз талеркі, якія забароненыя, як і тыя каналы.

Акрамя медыя працуе эміграцыйны парламент, дарэчы, з жаночай квотай 50 працэнтаў, эміграцыйны ўрад, і нават прэзідэнт у эміграцыі. Галоўны каардынуючы орган апазіцыі — Нацыянальны савет супраціву Ірана (NCRI), які знаходзіцца ў Францыі. Афіцыйны Тэгеран разглядае ўсіх сяброў апазіцыйнага руху як тэрарыстаў.

Што тычыцца дамоўленасцяў у Лазане, то лідары апазіцыі ў цэлым крытычна ставяцца да ідэі паслаблення санкцый да Тэгерана. Прэзідэнт Нацыянальнага савета супраціву Мір’ям Раджаві (Maryam Rajavi) заявіла: «Лазана давяла той відавочны факт, што клерыкальны рэжым разумее толькі мову стойкасці і сілы».

Таксама дысідэнты не вераць, што фундаменталісты адмовяцца ад планаў вытворчасці ядзернай зброі. Па іх словах, за апошняе дзесяцігоддзе створана як мінімум тры цэнтры, у якіх ідзе працэс тайнага ўзбагачэння ўрану. Як кажа апазіцыйны лідар, мулы так шмат інвеставалі ў ядзерны праект, што ўжо не ў сілах даць адваротны ход. Са словамі Ра­джаві, якая стаіць на сацыял-дэмакратычных пазіцыях, згодны ўсе іншыя фракцыі палітычных эмігрантаў.

Акрамя эміграцыі, у самой краіне засталіся больш-менш арганізаваныя групы ўдзельнікаў пратэстаў 2009 года, калі ў краіне каля 18 месяцаў цягнуліся маніфестацыі супраць выбарчай сістэмы, якая дае права аятолам блакаваць кандыдатаў на падставе крытэрыяў іх адданасці прынцыпам ісламскай рэвалюцыі і ісламскай этыкі.

На цяперашні момант былым актывістам пратэстнага «зялёнага руху» 2009 года прыблізна каля 30–35 гадоў. Як піша лонданская эмігранцкая газета «Tehran Bureau», яны больш-менш інтэграваныя ў грамадства. Што тычыцца палітычнага актывізму, то тут пануе абсалютная апатыя. Апошняя масавая акцыя пратэсту ў краіне мела месца ў лютым мінула года.

«Tehran Bureau» цытуе аднаго з экс-бунтаўшчыкоў, якому зараз каля 28 гадоў: «Гэта нармальна — губляць надзею, калі вашы ідэалы могуць і не матэрыялізавацца. Сёння я больш не адчуваю энергію ісці наперад». Як піша газета, мала хто з «зялёнага руху» верыць, што адмена эмбарга пазітыўна паўплывае на існуючае становішча. Часткова сваю пасіўнасць генерацыя 2009 года кампенсуе тэзісам пра тое, што Хасан Рухані — цяперашні прэзідэнт Ірану — не з’яўляецца такім фанатычным, як яго папярэднікі. Нельга не пагадзіцца з высновай выдання: Захад сам часткова нясе адказ­насць за стагнацыю апазіцыі, не ўзняўшы ў Лазане праблему правоў чалавека ў Іране.

У такой сітуацыі апазіцыянерам застаецца чакаць росту супярэчнасцяў унутры рэжыму, напрыклад, паміж рознымі галінамі ўлады і фракцыямі. Яны сапраўды існуюць, пра што, напрыклад, сведчаць пратэсты фундаменталісцкай фракцыі, якая лічыць дамовы ў Лазане здрадай ісламскай рэвалюцыі.

Яшчэ адну незвычайную падставу для канфрантацыі ўнутры іранскай эліты выклікала вайна ў Іраку. Як піша ліванская газета «Al-Modon», некаторыя фундаменталісты лічаць неабходным экспартаваць ісламскую рэвалюцыю ў суседнія Сірыю і Ірак. Другія лічаць, што ісламскі праект можа рэалізавацца толькі ў іранскіх нацыянальных умовах. Апошнія, каб стрымаць аматараў экспансіі, гатовыя нават легалізаваць у афіцыйнай ідэалогіі некаторыя элементы дзяржаўнай дактрыны часоў шаха, які вельмі прасоўваў ідэю персідскага нацыяналізму.