Разбурыць «мадрыцу»

У Барселоне патрабуюць прызнаць Калумба, Сервантэса і іншых іконаў іспанскай гісторыі і культуры этнічнымі каталонцамі.



img206_pg236_big.jpg

У жніўні ў каталонскім гарадку Манблан прайшоў кангрэс каталонскіх гісторыкаў, які арганізаваў інстытут «Nova Història». На думку арганізатараў, каталонская гістарычная супольнасць павінна была нарэшце разбурыць «мадрыцу» — кастыльскія канцэпты гісторыі. У рамках першага кроку трэба сфармуляваць, афор­міць і праз афіцыйныя структуры выставіць Мадрыду жорсткае патрабаванне — прыбраць свае рукі ад постаці Хрыстафора Калумба.

Першаадкрывальнік Амерыкі, на думку тых, хто сабраўся ў Манблане, быў не іспанцам, як гаворыцца ў цяперашніх падручніках, а каталонцам. У прынцыпе, і звалі яго не Хрыстафор Калумб, а Джаан Калом (а яшчэ, дарэчы, разлічылі, што яго прапрапраўнук — цяперашні каталонскі прэм’ер Артур Мас). Больш таго — у экспедыцыю за акіян Калумба (Калома) даслаў не Мадрыд, а каталонская дзяржава. Пазней, пасля акупацыі Каталоніі ў XVI стагоддзі, у Мадрыдзе перапісалі гісторыю, адпаведна ператварыўшы каталонца Калома ў іспанскага марака Калумба. Рэвізія сапраўднай каталонскай гісторыі была зроблена ў рамках буйной акцыі па знішчэнні ўсёй каталонскай інтэлектуальнай і дзяржаўніцкай спадчыны, якую, быццам, замовіла іспанская карона.

Таксама ў рамках кангрэсу агучвалася тэорыя пра тое, што Калумб быў не толькі каталонцам, аднак і гомасексуалістам. Аматары гэтай версіі нейкім чынам звязваюць няміласць з боку каралеўскага двара, у якую ў выніку трапіў адмірал, з прынятым у 1497 годзе каралеўскім Актам, паводле якога геі абвяшчаліся па-за законам. Аднак, калі меркаваць па дакументах Кангрэсу, гэта версія пакуль застаецца спрэчнай.

Постаццю Калумба апетыты каталонскіх гісторыкаў-рэвізіяністаў не абмежаваліся. Па ходу мерапрыемства быў агучаны цэлы спіс вядомых іспанцаў, якія на самай справе, быццам, былі каталонцамі. Гэты пералік уключае шэраг пісьменнікаў, філосафаў, паэтаў, вайскоўцаў. Найбольш вядомы фігурант спісу — славуты Мігель дэ Сервантэс, аўтар «Дон Кіхота». Паводле каталонскіх нацыяналістаў, Сервантэс быў іх суайчыннікам і пісаў менавіта па-каталонску. Пазней арыгінальны тэкст быў знішчаны і заменены на іспанскі варыянт.

У прынцыпе, фрагментарна заклікі «каталанізаваць» Сервантэса і Калумба гучалі і раней, што заўжды выклікала сумесь смеху і шоку ў асяроддзі літаратурных экспертаў і гісторыкаў. Дастаткова прагартаць тэкст «Дон Кіхота», каб канстатаваць, што ніякай згадкі пра каталонцаў і Каталонію там няма. Праўда, на старонках «Дон Кіхота» можна сустрэць баска, з якога, аднак, усе смяюцца, паколькі яго баскскую мову ніхто не разумее.

Увогуле, казаць пра сфармаваную каталонскую свядомасць у XVI стагоддзі, калі нацый не існавала, вельмі смела для сапраўдных гісторыкаў. Не дарма адміністрацыя барселонскага ўніверсітэта, заклапочаная аўтарытэтам установы, забараніла сябрам «Nova Història» праводзіць нейкія мерапрыемствы ў памяшканнях універсітэта.

Аднак на гэты раз стаўленне да распрацовак адэптаў «Nova Història» ў грамадстве больш сур’ёзнае. Цэлы шэраг іспанскіх правых выданняў прысвяцілі свае публікацыі кангрэсу ў Манблане. Прычына такой увагі ў тым, што дыскусіі каталонскіх гісторыкаў праходзяць на фоне новай хвалі дэбатаў пра неабходнасць абвяшчэння незалежнасці Каталоніі. У такой палітычна электрызаванай атмасферы фармулёўкі ад «Nova Història», пры ўсёй арыгінальнасці, набываюць мабілізуючы характар. Асабліва гэта тычыцца моладзі, якая вельмі часта гатовая верыць усяму, што пішуць у інтэрнэце. У прэсе згадваецца тэзіс славутага гісторыка Эрыка Хобсбаўма, які адзначаў, што ля вытокаў кожнай дзяржаўнай ідэалогіі ляжалі штучна створаныя і мэтанакіравана навязаныя міфы, якія таксама спачатку правакавалі ў сучаснікаў прыступы смеху.

Звяртаецца ўвага, што «Nova Història» — не проста інтэлектуальная гульня вар’ятаў-гісторыкаў. Генезіс групы пачынаецца яшчэ ў 1970-я гады, калі вакол леварадыкальнага нацыяналістычнага часопіса «L’Avenç» узнікла група маладых гісторыкаў, якія вырашылі «напісаць новую гісторыю Каталоніі, пры гэтым свядома ігнаруючы рацыянальны аналіз у імя стварэння новай вобразнасці». «Наша бліжэйшая і неадкладная задача — адрэагаваць на сацыяльныя патрабаванні пераходнага перыяду да незалежнасці. Для гэтага мы павінныя стварыць новую канцэпцыю каталонскай гісторыі», — пісалася на старонках «L’Avenç». У 2007 годзе групоўка аформілася як інстытут.

Ініцыятыва гісторыкаў хутка знайшла патрона ў выглядзе каталонскай нацыяналістычнай партыі «Рэспубліканская Левая» (ERC), якая звычайна карыстаецца падтрымкай 10–15 працэнтаў мясцовага электарату. Не дарма канферэнцыю прымаў муніцыпалітэт Манблана, які кантралюе ERC.

Перспектывы канцэпцый «Nova Història» будуць шмат у чым залежаць ад вынікаў прызначаных на гэтую восень выбараў у каталонскі парламент. Незалежніцкія партыі (сярод якіх і ERC) у выпадку перамогі абяцаюць абвясціць дату рэферэндуму пра незалежнасць. Калі пачнецца стварэнне інстытутаў каталонскай дзяржаўнасці, некаторыя ідэі гісторыкаў з кангрэсу ў Манблане, відавочна, будуць запатрабаваныя.