Расколіна, якая паклала канец імперыі ілжы. Літва святкуе Дзень незалежнасці ад савецкай акупацыі (Фота)
Роўна 34 гады таму, 11 сакавіка 1990 года, у 22:44 па мясцовым часе быў распачаты развал турмы народаў — Літоўская Рэспубліка выйшла са складу СССР і абвясціла незалежнасць. Гэтая дата — свята не толькі літоўцаў, але і ўсіх свабодных людзей, якія пазбавіліся зняволення.
У гэты вечар у Вільні адбылося трэцяе, апошняе пасяджэнне Вярхоўнай Рады Літоўскай ССР, па выніках якога 124 са 130 дэпутатаў прагаласавалі за аднаўленне незалежнай дзяржавы, астатнія 6 ад галасавання ўстрымаліся. У краіне было спынена дзеянне старых канстытуцый, а былыя дэпутаты Вярхоўнай Рады выйшлі з будынка дэпутатамі дэмакратычнай Літвы.
Крэмль не змірыўся з непазбежным крахам імперыі і праз 9 месяцаў прымусіў пскоўскіх дэсантнікаў здзейсніць крывавы штурм Віленскай тэлевізійнай вежы, уварваўшыся ў незалежную дзяржаву.
Немагчымасць скарыць свабодны народ прымусіла РСФСР вызнаць незалежнасць Літвы, а пасля паклала канец існаванню турмы народаў.
Фота: Станіслаў Менскі
Тым не менш, увесь час да «юрыдычнай» ліквідацыі Саюза Літва ўжо з’яўлялася цалкам незалежнай дзяржавай — таму сённяшні дзень лічыцца адным з трох найгалоўнейшых святаў Літвы, якія вельмі шануюцца ўсім народам.
Сёлетняе святочнае шэсце «Шлях аднаўлення Літвы» сваёй колькасцю ўдзельнікаў яшчэ раз падкрэслівае надзвычайную свядомасць грамадства: тут і ветэраны ў прыгожай вайсковай форме, і падлеткі, якія прыходзяць на мерапрыемства па сваёй волі, а не прымусова прывезеныя на аўтобусах, і маленькія дзеці, якія ведаюць, якім коштам іх бацькі, бабулі і дзядулі здабылі свабоду.
Фота: Станіслаў Менскі
Удзельнікі «Шляху аднаўлення Літвы» амаль моўчкі пранеслі літоўскі ды ўкраінскі сцягі даўжынёй у некалькі соцень метраў, ледзь зрэдку крычучы «Už laisvą Lietuvą!» («За свабодную Літву!»). На чале калоны, трымаючы сцяг, ішлі прэзідэнт Гітанас Наўседа і першая лэдзі краіны Дзіяна Наўседзенэ. Прайшоўшы да Каралеўскага палаца, вайскоўцы Ганаровай варты склалі сцягі і падзякавалі ўдзельнікам, якія неслі палотны свабодных краін.