У Беларусі ў няволі памёр грамадзянін Літвы

У Беларусі памёр затрыманы па падазрэнні ў кантрабандзе боепрыпасаў грамадзянін Літвы. Літва скіравала Беларусі з-за гэтай сітуацыі рашучы пратэст.

Аўтамабіль, на якім перасякаў мяжу літовец, снежань 2023 года. Фота: ДМК

Аўтамабіль, на якім перасякаў мяжу літовец, снежань 2023 года. Фота: ДМК

Літовец быў затрыманы ў Беларусі 31 снежня 2023 года ў пункце пропуску «Беняконі», піша «Люстэрка».

Як паведамляла ў сваім прэс-рэлізе ад 10 студзеня гэтага года Гродзенская мытня, у яго аўтамабілі знайшлі 98 пісталетных патронаў (9×18ПМ) для зброі калібрам 9 мм.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 333−1 КК (Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь боепрыпасаў).

Літоўца ўзялі пад варту, дзе ён пазней і памёр. Па гэтым факце Вільнюс уручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве ноту, у якой быў выказаны «рашучы пратэст».

«Консульскія работнікі Літоўскай Рэспублікі не былі належным чынам праінфармаваныя пра затрыманне грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі і падставы для такой меры, пра стан здароўя грамадзяніна, ім не далі магчымасці наведаць затрыманага і даць яму неабходную консульскую дапамогу. Такімі дзеяннямі Рэспубліка Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны», — гаворыцца ў ноце.

У МЗС Літвы запатрабавалі ад беларускага боку неадкладна даць інфармацыю пра стан грамадзяніна на момант затрымання, пацвердзіць факт смерці і паведаміць усе абставіны.