Расійскі дзяржтэлеканал фальсіфікаваў фота ўцекачоў з Афганістана, дамаляваўшы да яго зброю

Тэлеканал RT, які ўваходзіць у структуру дзяржаўнага агенцтва «Россия сегодня», змантаваў фота ўцекачоў з Афганістана, дадаўшы да іх зброю.

e9q_sguwuaag7rx.jpg

На арыгінальным фота агенцтва «Reuters» — мужчына і жанчына з дзецьмі, якія прыбываюць на ваенную базу Мэльсбрук (Бельгія) пасля таго, як талібы ўвайшлі ў сталіцу Афганістана Кабул.

20210826195936_8436.png


Адрэдагаваная выява з'явілася ў афіцыйным англамоўным твітары RT (2,9 млн. падпісчыкаў). Да заплечнікаў людзей на фота ў твіце RT былі прымаляваныя аўтаматы Калашнікава, гранатамёт і ракетніца.

Твіт абвяшчаў: «Некаторыя тэрарысты атрымліваюць бясплатны білет з Афганістана?» Далей без спасылкі на крыніцу — амерыканскі партал «Defense One» — цытаваўся ананімны «прадстаўнік амерыканскага ўрада». «Да 100 эвакуяваных афганцаў ўваходзяць у спісы назірання спецслужб», — гаварылася ў цытаце.

Фота таксама суправаджалася вертыкальным надпісам: «Увага: малюнак з фоташопам». Але разгледзець гэтае папярэджанне было няпроста: вышыня яго шрыфту на айфоне складала каля міліметру.

Зараз твіт, які набраў не менш за 166 лайкаў, выдалены. Яго копія захавалася ў інтэрнэт-архіве. RT не тлумачыла прычыну выкарыстання фотамантажу ў твіце, а таксама яго выдалення.

Паводле «Свабоды».