Расія. У Дзярждуму ўнеслі законапраект аб разблакіроўцы Telegram
Законапраект аб прызнанні Telegram «афіцыйным сэрвісам» дзяржорганаў унеслі ў Дзярждуму РФ.
У Дзярждуму ўнеслі законапраект аб разблакіроўцы месенджара Telegram у краіне, дакумент апублікаваны ў базе даных ніжняй палаты парламента.
Аўтары дакумента ў тлумачальнай запісцы адзначаюць, што месенджар у Расіі даступны для ўстаноўкі і працягвае працаваць, нягледзячы на рашэнне пра блакаванне.
Акрамя таго, падчас эпідэміі COVID-19 чыноўнікі «выкарыстоўваюць месенджар Telegram афіцыйна як адзін са сваіх асноўных інфармацыйных рэсурсаў у сетцы інтэрнэт», сказана ў тлумачальнай запісцы.
Аўтары законапраекта прапануюць таксама ўнесці ў закон «Аб сувязі» паняцце «афіцыйны сэрвіс». Такім яны прапануюць лічыць «сэрвіс, які выкарыстоўваюць дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы для распаўсюджвання інфармацыі ў мэтах рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў».
У канцы красавіка 2020 года аўтары дакумента казалі «Ведомостям», што «далейшае дэкларатыўнае блакаванне месенджара наносіць страты не яго развіццю, а прэстыжу дзяржаўнай улады».
Паводле meduza.io