Расія. Штраф за мех, нацягнуты на галаву помніка Івану Жахліваму
Паліцыя затрымала яраслаўца, што нацягнуў мех на галаву нядаўна ўстаноўленаму ў Арле помніку Івану Жахліваму.
Акцыю ў Арле зладзіў на выходных нейкі юнак. Фота помніка Івану Жахліваму з мехам на галаве і таблічкай з надпісам: «Духота-то какая, темнота», з'явіліся ў сацсетках 30 кастрычніка, паведамляе meduza.io.
Начальнік прэс-службы УМВД па рэгіёне Карына Тхаржевская паведаміла, што «зламыснік быў затрыманы па гарачых слядах». У дачыненні да яго складзены пратакол аб дробным хуліганстве і накладзены штраф. Іншыя падрабязнасці, у тым ліку памер штрафу і імя затрыманага, прадстаўнікі паліцыі паведамляць адмовіліся.
Губернатар Арлоўскай вобласці Вадзім Патомскі, па ініцыятыве якога ў пачатку кастрычніка 2016 года быў усталяваны помнік Івану Жахліваму, распавёў, што “хуліган” — жыхар Яраслаўля. «Малады чалавек прыехаў з Яраслаўля, каб нейкім чынам праславіцца. Праславіўся", — сказаў Патомскі.
Нагадаем, у Арле быў усталяваны помнік Івану Жахліваму — першы ў Расіі і адзіны адзіны помнік такога кшталту ў свеце. Пры гэтым улады падкрэслівалі, што ставяць скульптуру не ўласна тырану, а заснавальніку Арла.
14 кастрычніка ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця манумента прынялі ўдзел губернатар Арлоўскай вобласці, лідар байк-клуба «Начныя ваўкі» Аляксандр «Хірург» Залдастанаў, пісьменнік Аляксандр Праханаў і кіраўнік руху «Сутнасць часу» Сяргей Кургінян. На адкрыцці помніка Патомскі параўнаў Івана Жахлівага з Уладзімірам Пуціным, яго пазіцыю падтрымалі і госці цырымоніі, адзначае www.mk.ru
Першапачаткова манумент планавалася ўсталяваць у цэнтры Арла. У горадзе прайшлі акцыі пратэсту супраць манумента, пасля чаго ўлады рэгіёну заявілі, што рашэнне пра помнік будзе прынята пасля сацапытанняў. У сярэдзіне жніўня ўлады Арлоўскай вобласці абвясцілі, што больш за 70 працэнтаў удзельнікаў апытання падтрымалі ўсталяванне помніка. Пры гэтым было прынята рашэнне наконт новага месца размяшчэння помніка Івану Жахліваму — не ў цэнтры горада каля тэатра, а недалёка ад Богаяўленскага сабора, у месцы зліцця рэк Акі і Орліка.