Расія пагражае ЕС у адказ санкцыямі ў выпадку з Навальным
Калі ЕС увядзе санкцыі супраць РФ, то Расія на іх абавязкова адрэагуе, заявіў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў.
Расія не пакіне без адказу санкцыі, якія заходнія краіны могуць увесці ў сувязі з атручваннем галоўнага крытыка Крамля Аляксея Навальнага. "Прынцып узаемнасці ў міжнародных справах ніхто не адмяняў", —заявіў у суботу, 12 верасня, у інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 1", міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
"Паглядзім, якія будуць новыя санкцыі, вядома ж, адрэагуем. Без рэакцыі гэта пакідаць нельга", — дадаў расійскі міністр.
У Нямеччыне не выключаюць прыпыненне "Паўночнага патоку - 2"
У сувязі з атручваннем Аляксея Навальнага ў Нямеччыне кажуць аб магчымым агульнаеўрапейскім адказе і ўвядзенні санкцый ЕС супраць Расіі. Канцлер ФРГ Ангела Меркель раней не выключыла, што яны могуць закрануць будаўніцтва газаправода "Паўночны паток - 2".
Раней працяг будаўніцтва "Паўночнага патоку - 2" паставіў пад сумнеў міністр замежных спраў Германіі Хайка Мас (Heiko Maas), хоць і выказаў надзею на тое, што Берліну не давядзецца мяняць сваю пазіцыю ў дачыненні да газаправода з-за адмовы Масквы расследаваць атручэнне Аляксея Навальнага. Міністр аховы здароўя ФРГ Енс Шпан (Jens Spahn) таксама звязаў будучыню "Паўночнага патоку - 2" з пазіцыяй РФ у расследаванні атручвання Навальнага.
Санкцыі ЗША супраць "Паўночнага патоку - 2"
ЗША выступаюць супраць будаўніцтва газаправода "Паўночны паток - 2". На іх думку, ён узмоцніць залежнасць Еўропы ад паставак расійскага газу. Работы па пракладцы труб па дне Балтыйскага мора прыпыненыя з-за санкцый ЗША ў дачыненні да еўрапейскіх падрадчыкаў, якія ўступілі ў сілу ў снежні 2019 года. Меры прадугледжваюць забарону на ўезд у Злучаныя Штаты для прадстаўнікоў гэтых кампаній, а таксама замарозку любых актываў на тэрыторыі краіны. Пасля ўступлення санкцый у сілу швейцарская кампанія Allseas прыпыніла ўдзел у праекце. Расійски карабель-трубаўкладчык "Акадэмік Чэрскі", які цяпер знаходзіцца ў нямецкім порце Мукран, павіннен завяршыць пракладку труб.
dw.com