Расія адтэрмінавала дэфолт, выплаціўшы ў валюце даход па еўрааблігацыях

Міністэрства фінансаў Расіі заявіла, што зрабіла выплату купоннага даходу па еўрааблігацыях.

756475087281878.jpg


«Мінфін Расіі інфармуе, што аплатнае даручэнне аб выплатах купоннага даходу па аблігацыях знешніх аблігацыйных пазык Расійскай Федэрацыі з тэрмінам пагашэння ў 2023 годзе і 2043 годзе ў агульнай суме 117,2 млн дол. ЗША тэрмінам 15 сакавіка 2022 г., накіраванае замежнаму банку-карэспандэнту 14 сакавіка 2022 года, выканана», — цытуе паведамленне расійскага ведамства REFORM.by.

Мінфін РФ дадаткова паведаміў аб выніках залічэння сродкаў плацежнаму агенту па еўрааблігацыях, якім з'яўляецца Лонданскі Citibank.

Нагадаем, раней Міністэрства фінансаў Расіі заявіла, што накіруе аплатнае даручэнне аб выплаце купоннага даходу ў замежнай валюце, аднак, калі гэтая выплата не будзе праведзеная банкамі трымальнікам аблігацый праз санкцыі, ім будзе прапанаваны разлік у расійскіх рублях. Рэйтынгавыя агенцтвы паведамілі, што будуць лічыць такое развіццё падзей тэхнічным дэфолтам па абавязацельствах.

Раней Bloomberg са спасылкай на прадстаўніка Мінфіна ЗША паведаміў, што санкцыі супраць РФ не перашкаджаюць ёй абслугоўваць суверэнную запазычанасць у доларах мінімум да канца траўня.